Беларусы Нью-Ёрка адсвяткавалі ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну



2 снежня 2018 года беларусы Нью-Ёрка адсвяткавалі 98-ыя ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. Імпрэза адбылася ў беларускім цэнтры пры саборы св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне і была зарганізавана Бруклінскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання.

Святкаванне пачалося з малебну ў памяць Слуцкіх герояў. Святочную імпрэзу адкрыў старшыня Бруклінскага аддзелу БАЗА, Сяргей Кудзеліч, які выказаў словы ўдзячнасці героям-случчакам за іх смелы і самаахвярны подзвіг. Было зачытана віншаванне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. У асноўнай частцы імпрэзы быў даклад “Слуцкі Збройны Чын. Як гэта было”, які зачытала сябра Бруклінскага аддзелу, Таццяна Бурак. Пасля чаго прысутныя праглядзелі ўрывак з фільма “На чорных лядах”.

На святочную імпрэзу завітаў госць з Беларусі, беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, Алесь Смалянчук, які знаходзіўся ў Нью-Ёрку дзеля прэзентацыі сваёй кнігі. Спадар Алесь падзяліўся з прысутнымі цікавосткамі са сваіх асабістых даследванняў, якія мелі дачынне да Слуцкага Збройнага Чыну, а таксама распавёў пра сваю новую кнігу «Раман Скірмунт (1868–1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю».

У працяг гэтай мемарыяльнай і культурна-асветніцкай імпрэзы адбылася прэзентацыя дзвюх апошніх кніг Зянона Пазьняка, выдадзеных у кастрычніку-лістападзе гэтага года — „Краявід перад нізінай” і „Цяжкі час, т.4”. Абедзьве кнігі з’яўляюцца публіцыстычнымі творамі. Кніга „Краявід перад нізінай” прысвечана асвятленню асноўных чыннікаў развіцця чалавечай цывілізацыі і небяспечных з’яваў у гэтым працэсе. „Цяжкі час, т.4” складаецца з выбраных артыкулаў і матэрыялаў спадара Зянона, якія даюць праекцыю на падзеі і змест 2011-2015 гадоў з пазіцыі нацыянальнага супрацдзеяння і змагання за Беларусь.

Наталля Федарэнка