Беларусы Нью-Ёрку выказваюць салідарнасць з народам Беларусі
31 кастрычніка на Манхэтане каля будынку ААН сабраліся амерыканскія беларусы, каб выказаць сваю падтрымку змаганню беларускага народу супраць гвалту і рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі.

Мітынг арганізавала Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА).
Беларускі народ перажывае цяжкія часы рэпрэсій і гібрыднага генацыду. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах па фальшывых абвінавачаннях і незаконных прысудах.
У турмах людзей катуюць, зневажаюць іх чалавечую годнасць, адмыслова ствараюць умовы для страты здароўя і нават смерці. Катаванне людзей з’яўляецца злачынствам супроць людскасці і падлягае міжнароднаму суду і пакаранню. Тыя, хто ажыццяўляе гэтыя злачынствы не пазбегнуць адказнасці.
Удзельнікі адзначылі, што сіла супраціву нашага народу ў руках саміх беларусаў, што трэба шанаваць мову, гісторыю, культуру і нашу нацыянальную годнасць.
Нам трэба быць салідарнымі ў адстойванні нашых нацыянальных каштоўнасцяў, нашых правоў і нашага нацыянальнага гонару. Беларусы ўсяго свету павінны падтрымліваць усімі магчымымі сродкамі сваю Бацькаўшчыну.

Мы, амерыканскія беларусы, падтрымліваем усе формы і спосабы змагання з дыктатураю, у тым ліку і агульнанацыянальны страйк.
