Беларусы пікетавалі адміністрацыйны будынак Еўрапейскай камісіі



Еўразвяз заклікае ўлады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых падчас акцый пратэсту. Пра гэта заявіла БелаПАН прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч, каментуючы сітуацыю з затрыманнямі і арыштамі ў краіне.

“Затрыманні і прысуды мірным дэманстрантам, у тым ліку лідарам апазіцыйных рухаў, знаходзяцца ў супярэчнасці з абвешчанай Беларуссю палітыкай дэмакратызацыі, — адзначыла яна.

У той жа час беларуская грамада ў Бруселі пікетавала адміністрацыйны будынак Еўрапейскай камісіі, – кажа ўдзельнік пікету Янка Дзяшук.

– Добра, што маем такую магчымасць, падыйсці да адміністрацыйных будынкаў, дзе сядзяць людзі, якія вырашаюць лёс Еўропы, якія могуць уплываць на лёсы краін, што знаходзяцца па-за аб’яднанай Еўропай, напрыклад, як Беларусь. Даём ім бачыць і ведаць, што Беларусь ёсць, што беларусы змагаюцца за свае правы, што другія беларусы іх могуць падтрымаць нават за межамі Беларусі і сказаць, што вось, Еўропа, звярні ўвагу на беззаконне, якое творыцца ў Беларусі.

Удзел у пікеце ў Бруселі ўзялі каля дзясятка чалавек. Збольшага гэта прадстаўнікі беларускай грамады ў Бельгіі, а таксама выхадцы з Украіны.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя