Беларусы пратэставалі ў Вашынгтоне



8 верасня ля рэзідэнцыі расейскага амбасадара ў Вашынгтоне прайшоў пратэст пад лозунгам «Расея, спыні ваенныя гульні з Беларуссю!»

Акцыя была арганізавана Беларуска-Амерыканскім Аб’яднаннем (БАЗА) і прымеркавана да запланаваных на 14-20 верасня расейска-беларускіх сумесных вучэнняў, вядомых як «Захад-2017».

«Правядзенне такіх маштабных ваенных вучэнняў з агрэсіўнай Расеяй, а таксама падтрыманне цеснага ваеннага супрацоўніцтва з Масквой ставіць Беларусь на няправільны бок гісторыі. «Захад-2017» можа стаць дэстабілізуючым фактарам міжнароднай бяспекі, праўастаўляючы платформу для Расеі, каб кінуць выклік суседзям Беларусі, членам НАТО, якіх Расея разглядае як пагрозу сваім інтарэсам», — заявіў арганізатар акцыі, намеснік старшыні БАЗА Вячаслаў Бортнік.

Мы заклікаем Злучаныя Штаты, Еўрапейскі саюз, НАТА і Савет Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый захоўваць пільнасць і пераканана настойваць на тым, каб Расея праводзіла вучэнні „Захад-2017” у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і пакінула тэрыторыю Беларусі адразу пасля заканчэння манеўраў».

Падтрымаць беларусаў прыйшлі расейскія актывісты з Magnitsky Act Initiative і прадстаўнік Польска-Амерыканскага Кангрэсу.

Кажа Зміцер Валуеў, выканаўчы дырэктар Magnitsky Act Initiative:

«Сёння мы пратэстуем супраць сумесных вучэнняў аўтарытарных рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі па адбіцці ўяўнай агрэсіі з боку еўрапейскіх дзяржаў і НАТА. Гэтыя рэжымы, якія адмянілі на сваіх тэрыторыях свабоду слова і сходаў, свабодныя выбары і незалежную прэсу, разглядаюць цывілізаваныя краіны Еўропы і Амерыкі як пагрозу свайму існаванню, вяртаючыся да рыторыкі „халоднай вайны”. І таму адна з мэтаў нашага пратэсту — прадэманстраваць тым еўрапейскім і амерыканскім лідэрам, якія прапануюць нармальнае цывілізаванае супрацоўніцтва з гэтымі рэжымамі, што для такіх рэжымаў важней захаванне ўлады ў першую чаргу, насуперак міжнародным нормам і базавым правам чалавека, а не адкрытае супрацоўніцтва з цывілізаваным светам. Пры гэтым і беларусы і расейцы вартыя большага, чым тое, што пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы могуць ім даць. Але натуральныя палітычныя працэсы ў нашых краінах душацца, а грамадзянам прапаганда скормлівае старую савецкую жуйку пра знешнюю пагрозу і „пятую калону” ўнутры нашых краін. Мы кажам „няма” пуцінскай агрэсіі, мы кажам яму „змагайся з карупцыяй, а не з НАТО”, і мы выказваем падтрымку беларусам, якія слушна асцерагаюцца пуцінскай агрэсіі, якая можа быць выкарыстана для накруткі рэйтынгу перад выбарамі прэзідэнта ў наступным годзе».

Фота: Франак Вячорка