Беларусы пратэстуюць супраць магчымага аншлюсу (абноўлена)



Беларусам пашчасціла быць сярод прыкладна двухсот народаў з існуючых трох тысяч, якія змаглі дамагчыся незалежнасці, заявіў пісьменнік Уладзімір Арлоў, выступаючы 7 снежня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску на несанкцыянаваным мітынгу супраць інтэграцыі з Расеяй.

Сярод тых, хто прыйшоў на акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў Менску, не толькі палітыкі і актывісты, а пісьменнікі, паэты, мастакі.

Так, пісьменнік Уладзімр Арлоў паўдзельнічаў і ў ланцугу супраць інтэграцыі з Расеяй, а потым выступіў на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Ён нагадаў пра тое, што ў свеце жыве 3000 нацый і народнасцяў, але менш за 200 здолелі стварыць свае дзяржавы.

„І мы, беларусы, сярод іх, – гэта найвялікшая каштоўнасць. І мы вышлі бараніць гэтую каштоўнасць”, – сказаў Уладзімір Арлоў:

– Шмат хто два тыдні таму быў у Вільні на пахаванні нашых герояў 1863 года. Паўстанне Каліноўскага было першай падзеяй, якая пачала шлях да нашай незалежнасці. Без паўстання Каліноўскага не было б 25-га сакавіка 1918 года, калі беларусы зноў сталі дзяржаўным народам пад сваёй сучаснай назвай. Без 25-га сакавіка 1918 года не  прыйшло б 25-га жніўня 1991, калі на палітычнай мапе свету з’явілася новая незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь. 

Дзеля таго, каб гэтая дзяржава засталася на палітычнай мапе свету, мы і выйшлі яе бараніць на вуліцы і плошчы Менску. Гісторыя нашай краіны сведчыць, што ніякія саюзы, ніякія альянсы ніколі нам не прынеслі карысці, падкрэсліў Уладзімір Арлоў.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, выступаючы перад прысутнымі, нагадаў ад падзеі, якая адбылася ў Вільні і стала сімвалічным, містычным знакам для Беларусі — знаходка і перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 года:

– Для мяне гэта метафара нашага паўстання, нашага беларускага нацыянальнага духу, я не памятаю, калі яшчэ адчуваў такое ўзрушэнне душы і сэрца. Гэта адчуваецца ў вас, у вашых вачах, у сённяшняй краіне Беларусі. Гэту краіну вякі малацілі цапамі, яна крывавіла на крыжах, але яна жывая разам з намі. Гэтай краінай нельга гандляваць! Жыве Беларусь!

Кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі сказаў, што прыйшоў на мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй, які адбываецца ў цэнтры Менску на проста як праваабаронца, а найперш як грамадзянін Беларусі, бо ўстрывожаны і абураны наступам на суверэнітэт і незалежнасць краіны:

– Безумоўна я супраць таго, што адбываецца. Любыя пагадненні з Расеяй пасля падзей ва Украіне і Грузіі, яны небяспечныя для нас. На жаль вось гэты новы досвед не вучыць Лукашэнку, ён працягвае гэтыя небяспечныя гульні – гуляцца з агнём фактычна, таму я супраць.

„І голас соцень грамадзянаў, якія выйшлі на мерапрыемствы супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй павінны быць пачуты і беларускімі ўладамі, і ўладамі Расеі, і міжнароднай супольнасцю – беларусы патрабуюць незалежнасці”, – падкрэсліў Алесь Бяляцкі. 

На мітынгу, які вядзе сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, ужо выступілі пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастак Аляксей Марачкін, блогер Андрусь Войніч і іншыя. Севярынец заклікае сабраўшыхся не разыходзіцца, запрашаць іншых грамадзянаў далучацца, таму што мітынг плануецца працягнуць да вечара, а таксама ў нядзелю.

Пасля таго як жадаючыя выступілі, Павел Севярынец заклікаў усіх пайсці на плошчу Незалежнасці. Калона ў складзе прыкладна 700 чалавек накіравалася на плошчу па тратуары ўздоўж праспекта Незалежнасці. Міліцыя шэсцю не перашкаджала. 

 

На Кастрычніцкай плошчы Менска сабралася некалькі соцень чалавек, якія выступаюць супраць „паглыбленай інтэграцыі” з Расеяй. Людзі трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі. З’явіліся плакаты: „Не саюзнай дзяржаве” і „Гэта не інтэграцыя — гэта акупацыя”, паведамляе БелаПАН.

З 11.30 да 11.45 на ўчастку ад будынка цырка да Галоўпаштамта ўздоўж праспекта Незалежнасці сотні людзей сталі ў жывы ланцуг, трымаючыся за рукі.

Супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі прысутных пра тое, што акцыя несанкцыянаваная і яе ўдзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.

Выйсці людзей на праспект, каб выказаць пратэст супраць інтэграцыі з Расеяй, заклікалі прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі „Свежы вецер”, створанай некалькі месяцаў таму для абароны дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Яны прапанавалі выстраіцца ў жывы ланцуг.

Апазіцыйны палітык Павел Севярынец заклікаў сабрацца апоўдні на Кастрычніцкай плошчы.

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным запланаваныя сёння ў другой палове дня ў Сочы. Мяркуецца, што яны падпішуць нейкія дакументы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, сутнасць якіх грамадскасці невядомая.

Павел Севярынец: „Сёння мы стаім тут да цемры і магчыма прагуляемся па горадзе”.

На плошчы каля тысячы чалавек. Скандуюць „Лукашэнка павінен сыйсці!”

У Менску праходзяць дзве акцыі, накіраваныя на абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Грамадская ініцыятыва „Свежы вецер” заклікала беларусаў у знак пратэсту выйсці ў цэнтр Менску і зладзіць „жывы ланцуг” ад будынка цырка да плошчы Незалежнасці.

Людзей прыйшло некалькі дзясяткаў. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі пра несанкцыяваны характар акцыі і заклікалі разысціся, пасля чаго людзі спачатку разарвалі ланцуг, але потым зноў сабраліся іх цяпер каля сотні.

Адзін з лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў правесці ў Менску на Кастрычніцкай плошчы акцыю ў абарону незалежнасці краіны.

Нагадаем, што ў гэтыя дні ў Сочы Лукашэнка і Пуцін абмяркоўваюць пытанні беларуска-расейскай „інтэграцыі”. 8 снежня ў Маскве адбудзецца пасяджэнне „вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы”, дзе запланавана падпісанне інтэграцыйных дакументаў, якія ўключаюць у сябе 31 „дарожную мапу”. Змест „дарожных карт” трымаецца ў таямніцы ад беларусаў.

Апазіцыйныя палітыкі і незалежныя эксперты лічаць, што падпісанне новых інтэграцыйных пагадненняў можа прывесці да страты суверэнітэту Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя