Беларусы прыйшлі да «Белнафтахіма», каб спытаць пра кошты на паліва (абноўлена)
У Менску ля офіса дзяржаўнага канцэрна „Белнафтахім” некалькі дзясяткаў чалавек патрабавалі тлумачэння прычын росту цэн на паліва. Ініцыятарам акцыі выступіў YouTube-блогер Уладзімір Цыгановіч (МозгON).
Як патлумачыў Цыгановіч у каментары БелаПАН, ён са сваімі прыхільнікамі патрабаваў ад кіраўніцтва канцэрна тлумачэння механізму ўтварэння цэн на паліва. Паводле яго слоў, правядзення сустрэчы на вуліцы не планавалася.
„Задачы не было стаяць на вуліцы і зладзіць там балаган. Задача была прыйсці, сесці ў кабінет і пагаварыць. Мы з мая мінулага года спрабуем размаўляць з „Белнафтахімам”, каб зразумець, як фармуецца цана на паліва. Мы накіроўвалі прапановы, прапаноўвалі сустрэцца, накіроўвалі запыты ў Саўмін. Мы атрымліваем адпіскі, дыялогу мы не ўбачылі, нават спробы не было. Таму мы вырашылі прыйсці асабіста”, — сказаў блогер.
Акрамя растлумачэння механізму ўтварэння цэн на паліва блогера цікавіла, куды ідуць грошы ад перапрацоўкі беларускай нафты і колькі на гэтым зарабляе дзяржава.
Да прысутных выйшаў намеснік кіраўніка Уладзімір Сізоў. „Да нас выйшлі на ганак, але нармальна пагутарыць не атрымалася. Калі стаіць шмат людзей, дыялог не атрымліваецца. Яны прапаноўвалі мне казаць на вуха адказы, я папрасіў, каб гаварылі гучна, стаў пераказваць іх адказы натоўпу. Яны не сталі клікаць унутр. Але галоўнае пытанне мы задалі — калі перастануць расці цэны і як зрабіць так, каб цэны зніжаліся”, — сказаў ён.
Сізоў заявіў прысутным, што цана на паліва залежыць ад цэн на сыравіну, дамоўленасцяў з пастаўшчыкамі, курсаў валют і гэтак далей.
Як патлумачыў Цыгановіч, адказу на свае пытанні ён не атрымаў і мае намер працягнуць спробы дамагчыся дыялогу з прадстаўнікамі кампаніі. „У свеце, калі цана на нафту падае, то і цана на бензін падае, а ў нас заўсёды расце. Мы гатовыя знайсці 5 чалавек, хто разбіраецца ў цэнаўтварэнні, каб яны сустрэліся з кампаніяй, і яны пераказалі нам, народу, як фарміруюцца цэны на бензін”, — падкрэсліў блогер.
Цыгановіч дадаў, што выхад прадстаўнікоў канцэрна для гутаркі ўжо з’яўляецца прагрэсам. Ён заявіў, што гатовы бясплатна дапамагчы канцэрну з камунікацыяй для тлумачэння гэтага пытання. Блогер падкрэсліў, што не выстаўляе палітычных патрабаванняў, а толькі эканамічныя, і будзе дзейнічаць строга ў рамках закона. Таксама Цыгановіч паведаміў, што пасля мітынгу машына адной удзельніцы акцыі была спыненая супрацоўнікамі ДАІ для надгляду.
У ліпені 2019 года прэс-служба „Белнафтахіма” паведамляла, што сабекошт беларускага паліва залежыць ад цаны нафты на сусветным рынку і курсу беларускага рубля. А цана нафты, якая імпартуецца ў Беларусь, прывязаная да сусветных каціровак. „Пры гэтым рост з-за незалежных ад нас прычын сабекошту паліва размяркоўваецца, галоўным чынам, паміж вытворцамі нафтапрадуктаў (НПЗ), прадаўцамі паліва (сеткамі АЗС) і ў мінімальнай ступені закранае рознічныя цэны, гэта значыць, не перакладаецца на пакупнікоў”, — паведамлялі ў канцэрне.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень ўздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў.
З пачатку 2020 года аўтамабільнае паліва даражэла ў Беларусі восем разоў.
* * *
Вядомы блогер MozgON заклікаў людзей прыйсці да офісу кампаніі «Белнафтахім», каб даведацца, як фарміруюцца кошты на паліва, паведамляе Белсат.
Прыйшло каля 60 чалавек. Да пратэстоўцаў выйшаў намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў.
Аўтамабільнае паліва рэгулярна даражэе ў Беларусі. Апошні раз гэта адбылося 23 лютага.