Беларусы прынялі ўдзел у Варшаўскім міжнародным фэсце



Дранікі і квас у спалучэнні з беларускай літаратурай. Беларусы Варшавы прынялі ўдзел у Варшаўскім міжнародным фэсце  – сямейным пікніку. Усяго на гэтым свяце былі прадстаўнікі 20 краінаў.

У выпадку іншых дзяржаваў адмысловыя намёты і стэнды арганізоўвалі амбасады. Беларусь  жа была прадстаўлена Беларускім Домам у Варшаве, а сродкі для арганізацыі намёту збіралі талакой у інтэрнэце. Распавядае сустаршыня установы Уладзімір Кобец:

– Гэта той выпадак, калі беларускае грамадства робіць справу агульнанацыянальную за дзяржаву. Уся беларуская супольнасць з усяго свету сабрала грошы на гэты беларускі куток. Грошы пералічваліся з ЗША і іншых краін беларусамі, якія нават фізічна не могуць сюды прыехаць. Але разумеюць, наколькі важна быць прадстаўленымі, каб нас проста бачылі і ведалі, што такая краіна ёсць.

Меў беларускі стэнд і музычную частку.

Старажытныя беларускія спевы на дудзе зграў Аляксей Бурнасенка:

– Мы ўсё ж такі змаглі паўдзельнічаць у гэтым фестывалі. Дзякуй, хто нас падтрымаў. І тут мы прэзентуем беларускую культуру. Сярод неверагодна вялікай колькасці розных культурніцкіх пляцовак ад розных краін.

Таксама ў рамках беларускага стэнду прэзентавалася выстава, якая распавядала пра гісторыю і дасягненні тэлеканалу “Белсат”.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара