Беларусы салідарныя з Францыяй (абноўлена)



Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўшанавалі памяць ахвяраў тэрарызму. Спачатку, у скаладзе сябраў беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі, Віталь Рымашэўскі і Вольга Кавалькова наведалі амбасаду Францыі ў Менску, дзе ўсклалі кветкі і зрабілі запіс у кнізе спачуванняў. Пасля гэтага яны накіраваліся да мемарыялу ахвяраў тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2011 году.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах Віталя Рымашэўскага, тэрарызм – гэта інтэрнацыянальнае зло.

– Тэрарызм толькі тады можа быць паспяховым, калі за ім стаіць якая-небудзь тэрарыстычная дзяржава, альбо які-небудзь тэрарыстычны ўрад. Напрыклад, ІДІЛ, альбо фундаменталісты, якія базаваліся раней ў Аўганістане. Калі знікае тэрарыстычная дзяржава, альбо тэрарыстычны ўрад, то тэракты сыходзяць у нябыт. Таму ў прынцыпе тое, што адбылося ў Францыі – гэта агульнае зло і  выклік беларусам таксама. Не трэба забываць, што тэракт у беларускім метро, які пакінуў па сабе вельмі шмат пытанняў, таксама можа паўтарыцца.

„І наша задача, зрабіць усё магчымае, каб гэтага не было на нашай беларускай зямлі, каб не дапусціць гэтага зноў,” – скзаў Віталь Рымашэўскі

* * *

Амбасаду Францыі ў Менску наведалі  прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай правацэнтрысцкай кааліцыі. Яны ўсклалі кветкі каля будынка амбасады, распісаліся ў кнізе спачуванняў, мелі размову з амбасадарам Францыі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, беларускія палітыкі пакінулі спачуванне народу Францыі ад імя ўсіх прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

– Мы спачуваем французскаму народу ад імя прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, ад імя актывістаў нашых арганізацый. Гэта, канешне, выклік і пагроза не толькі тым, хто жыве ў Францыі, але і ў Беларусі. Прыйшла спадарыня амбасадар. Мы выказалі ёй асабіста спачуванні.

Паводле Анатоля Лябедьзкі, можна прагназаваць, што пасля гэтых падзей Еўропа можа пачаць закрывацца. І трэба зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не апынулася за зачыненымі еўрапейскімі дзвярыма.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

* * *

Беларусы працягваюць складаць свае спачуванні французам у сувязі з падзеямі ў Ніцы, дзе ў выніку тэракту загінулі 84 чалавекі.  Каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка адзначыў, што тэракт быў надзвычай цынічны, і яго трэба разглядаць як злачынства супраць чалавечнасці:

– Гэта вялікая трагедыя для ўсіх людзей. І гэта можна трактаваць як злачынства супраць чалавецтва таксама, бо такім жахлівым спосабам забіта столькі людзей. Безумоўна, мы зараз разам з Францыяй, французскім народам, выказваем свае спачуванні. Мы салідарныя з Францыяй.

Таксама Зміцер Бандарэнка дадаў, што ўскосныя факты сведчаць, што за тэрактам можа стаяць ідэалогія радыкальнага ісламу, якая, як і іншыя таталітарныя ідэі, не цураецца крывавых забойстваў:

– Перыядычна з’яўляюцца ідэалогіі, якія дзеля забеспячэння сусветнай улады скарыстоўваюць усе метады. Калісьці гэта быў камунізм, які не шкадаваў ні сваіх, ні чужых. Цяпер гэта ісламскі тэрарызм, які выкарыстоўвае ўсе метады. І, сапраўды, гэта праблема ўсяго свету, усяго чалавецтва, а не толькі Францыі.

Нагадаем, што французская прэса ўжо назвала імя тэрарыста, які сядзеў за стырном грузавіка, які давіў людзей на Ангельскай набярэжнай у Ніцы. Віноўніка завуць Махамед Лахуаедж Бухлель – мясцовы жыхар туніскага паходжання. Ужо вядома, што сярод загінулых – двое амерыканцаў, украінец і расіянка.

* * *

На поўдні Францыі абвешчаны найвышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. Цэнтар Ніцы ачэплены. Адменены ўсе грамадскія мерапрыемствы, зачынены пляжы, абмежаваны рух па некаторых вуліцах. На Ангельскай наберажнай надалей знаходзяцца целы загінулых у тэракце, працуюць следчыя. Ніводная тэрарыстычная арганізацыя пакуль не ўзяла на сябе адказнасць за тэракт, ахвярамі якога на гэтым момант сталі 84 чалавекі.

Беларускія палітыкі выказваюць сваю салідарнасць з французскім народам, выказваюць свой боль і смутак у звязку з тэрактам у Ніцы. Сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк зазначае, што беларусы падтрымліваюць французаў у гэты трагічны дзень:

– Безумоўна, беларусы цяпер знаходзяцца ў думках і сэрцы побач з французкім народам, нацыяй, якая прынесла свету свабоду, справядлівасць і братэрства. І тое, што адбываецца ў Францыі цягам апошняга паўгода: тэракт у лістападзе ў Паржы, а зараз чарговы тэракт у Ніцы, –  проста не ўкладаецца ў рамкі.

Таксама сустаршыня Беларускага Дома адзначыў, што ўся Еўропа павінна супольна даць адпор тэрарыстычным рухам, якія прыносяць забойствы і тэрор у нашу «мірную заходнюю цывілізацыю».

* * *

З усяго свету гучаць словы спачування і падтрымкі сем’ям загінулых. У Менску да амбасады Францыі беларусы прыносяць кветкі і знічы. На месцы знаходзіцца наш карэспандэнт Генадзь Барбарыч:

– Жыхары Менска з самага ранку прыходзяць да амбасады Францыі, каб выразіць сваю салідарнасць і сваё абурэнне прычынай тэракту ў Ніцы. Людзі прыносяць кветкі, запальваюць знічы каля ганка амбасады. У 13:15 да амбасады Францыі прыехалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі: Анатоль Лябедзька – кіраўнік АГП, Юрась Губарэвіч – намеснік старшыні Руху “За свабоду”. Яны таксама аддалі даніну памяці загінулым падчас гэтага тэракту і выказаліся, што ніякія палітычныя мэты не каштуюць жыцця ні ў чым невінаватых, мірных людзей, што гэтую вайну тэрору трэба спыняць усімі магчымымі сродкамі.

Францыя адзначала нацыянальнае свята – Дзень узяцця Бастыліі. Горад Ніца вядомы сваімі феерверкам. Якраз паглядзець на гэтае шоу на набярэжнай сабраліся людзі. У гэты час у натоўп уехаў грузавік і праехаў каля двух кіламетраў. Кіроўца-тэрарыст быў застрэлены адным з паліцэйскіх.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота sputnik.by