Беларусы салідарныя з Надзеяй Саўчанкай (абноўлена)



Беларускія актывісты другі дзень запар ладзяць пікет каля расейскай амбасады, дзе чакаюць прысуду ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы.

94F1CA7C-AE78-4DEB-9567-11AD9A453B5A_w640_r1_s

На месцы знаходзіцца наш карэспандэнт Алесь Вайтовіч.

– Каля 10 чалавек сабралася сёння ля будынка расейскай амбасады, каб падтрымаць Надзею Саўчанку – украінскую лётчыцу, якой сёння мусіць быць вынесены прысуд. Людзі трымаюць плакаты ў яе падтрымку. Вольга Мікалайчык трымае вялікі плакат. У гэты момант супрацоўнікі міліцыі зноў складаюць пратаколы на ўдзельнікаў акцыі, мінакі пенсійнага ўзросту вядуць спрэчкі ды нейкія дыскусіі. Але ўсё без гвалту, агрэсіі і нападаў на ўдзельнікаў акцыі.

Сёння ў Данецкім гарадскім судзе Растоўскай вобласці абвяшчаюць прысуд украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы. Надзея Саўчанка мае намер аднавіць сухую галадоўку праз 10 дзён пасля ўступлення прысуду ў сілу. Пра гэта распавёў адвакат украінкі Марк Фэйгін. Абвінавачанне просіць 23 гады зняволення для ўкраінскай лётчыцы. На думку суддзі, доказы абвінавачання былі лагічнымі, пацверджанымі матэрыяламі справы і дастатковымі для прызнання падсуднай вінаватай.

* * *

Каля расейскай амбасады ў Менску адбываецца акцыя салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якую судзяць у расейскім Данецку.

Sauchanka2-640x400

Каля 10 чалавек прынеслі плакаты падтрымкі і разгарнулі расцяжку «Свабоду Саўчанка!»

«Пакуль многія настальгуюць па Плошчы, мы сабраліся падтрымаць Надзею Саўчанка,» – гаворыць актывіст Максім Вінярскі:

— Каб пасольства бачыла нас і ў час працоўнага дня, і калі яны сыходзяць з працы. Яны могуць убачыць, што ёсць людзі, у якіх ёсць меркаванне і якія не будуць маўчаць. Міжнародны ціск і міжнародныя салідарнасць — гэта акіян, які складаецца з мноства кропель, і адна з гэтых кропель тут.

«Калі нічога дрэннага не здарыцца, мы будзем стаяць да 18-й гадзіны,» – дадаў Максім Вінярскі.

Супрацоўнікі міліцыі склалі на ўдзельнікаў акцыі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні. «Пратаколы пачалі складаць, каб рублём адбіць жаданьне абараняць праўду,» – гаворыць рэжысёрка Вольга Мікалайчык:

— Мы выйшлі выказаць свае меркаванні, тое, што мы падтрымліваем сапраўды гераічную жанчыну Надзею Саўчанка. Міліцыянты не рэагуюць на людзей, якія выказваюць нам абразы ў твар, якія называюць нас фашыстамі і кажуць, што нас трэба расстраляць, асудзіць расчляніць, закапаць. Міліцыянты на гэта не рэагуюць, таму што ім не далі загад.

«Але мы будзем падтрымліваць Надзею Саўчанка і калі спатрэбіцца – прыйдзем заўтра,» – кажа Вольга Мікалайчык. Расейская пракуратура патрабуе прысудзіць Саўчанку да 23-х гадоў зняволення. Вырак могуць абвесціць па 22-га сакавіка ўключна.

Беларускае Радыё Рацыя