Беларусы сталі больш спадзявацца, але менш цешыцца
“Прэзідэнцкія выбары” як самая значная падзея мінулага года, паводле Беларускай Аналітычнай Працоўні так лічыць 30% беларусаў. Уручэнне ўзнагароды Нобеля Святлане Алексіевіч як найважнейшую падзею 2015 года назвала 13% апытаных.
Пра прычыны такіх адказаў гаворыць дырэктар працоўні Андрэй Вардамацкі:
– Нобель быў значна менш асветлены ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Проста людзі не ведалі, што адбылася такая падзея – гэта першае. Другое, відавочная карэляцыя існуе паміж узроўнем адукацыі і ацэнкай значнасці гэтай падзеі – атрыманне першага беларускага Нобеля. З падвышэннем адукацыйнага ўзроўню расце відавочна значнасць гэтай падзеі.
Далей у рэйтынгу размясцілася вайна ў Сірыі, якая нават апярэдзіла падзеі ва Украіне. На думку Андрэя Вардамацкага, гэта досыць аб’ектыўная з’ява, бо інтэнсіўнасць сутыкненняў на ўсходзе Украіны знізілася. Таксама на думку сацыёлага, такія вынікі апытання сведчаць пра захаванне значнага ўплыву расейскіх СМІ на беларускае грамадства.
У той жа час у 2015 годзе толькі 7% апытаных жыхароў Беларусі палічылі эканамічнаю сітуацыю добрай. Такія дадзеныя Беларускай Аналітычнай Працоўні былі прадстаўлены ў Варшаўскім універсітэце.
Аднак, паводле даследаванняў, выйсці на пратэсты гатова толькі трохі больш за 6%. Дырэктар працоўні Андрэй Вардамацкі зазначыў, што адна з прычынаў нізкага ўзроўню пратэстных настрояў – гэта здольнасць беларускага народа да адаптацыі:
– Асаблівасці беларускага нацыянальнага характару, адсутнасць пазітыўных вынікаў пратэстных акцый і адкрытая мяжа. Людзі могуць з’язджаць і такім чынам пратэст перарастае ў самарэалізацыю за мяжой.
Таксама Андрэй Вардамацкі зазначыў, што ў параўнанні з 2014 годам, у беларусаў павялічылася пачуццё надзеі, але паменшылася адчуванне шчасця.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя