Андрэй Вардамацкі: 9 з 10 беларусаў супраць уводу войска Беларусі ва Украіну (абноўлена)
Падчас адмысловай прэс-канферэнцыі былі прастаўлены вынікі новага даследвання беларускага грамадскага меркавання наконт вайны ва Украіне.

Вынікі прадставіў аўтар – сацыёлаг Андрэй Вардамацкі:
– Падзел грамадскага меркавання – адмоўнай і станоўчай велічыні прыкладна аднолькавае. Адмоўна ставяцца прыкладна дзве трэці насельніцтва да выкарыстання ваеннай інфраструктуры. Пытанне: як вы ставіце да магчымага ўводу войск на тэрыторыю Украіны для ўдзелу ў ваенных дзеяннях? І вось тут абсалютная дамінанта адмоўнага стаўлення, станоўчы – гэта 11%.

Сваё тлумачэнне вынікам даследвання даў старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Лаўрухін:
– Беларусы стараюцца ўхіліцца, схавацца ад таго траўманебяспечнага мэсанджа пра наяўнасць вайны і ўцягнення самой Беларусі ў якасці краіны-саўдзельніцы ў ваенныя дзеянні ва Украіне. Таму яны карыстаюцца медыя паведамленнямі расейскімі, таму што там стаіць такая ж задача і такое імкненне расейцаў. Калі заходзіць размова пра вайну, яны чамусьці не атрымліваюць інфармацыю. Хутчэй, мне бачыцца, яны не жадаюць яе атрымліваць і ўвогуле крытычна пераасэнсоўваць, таму што яна траўманебяспечна.
Паводле вынікаў даследванняў, беларусы, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, амаль у два разы менш ухваляюць магчымы ўвод беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны,чым прадстаўнікі іншых народаў.













Беларускае Радыё Рацыя
***
Беларусы супраць удзелу ў вайне, але не моцна супраць Расеі — вынікі апытання. Так коратка можна апісаць вынікі апытання, праведзенага ў Беларусі ў сакавіку пад кіраўніцтвам прафесара Андрэя Вардамацкага. Гэта было рэпрэзентатыўнае тэлефоннае апытанне 1000 рэспандэнтаў, гранічная памылка рэпрэзентатыўнасці 3%. Паводле дадзеных апытання, беларусы вельмі негатыўна ставяцца да ўцягвання сваёй краіны ў вайну: дзве траціны апытаных выказаліся супраць выкарыстання тэрыторыі Беларусі расейскімі войскамі для нанясення ўдараў па Украіне, пераважная большасць (86%) рэспандэнтаў — супраць удзелу беларускай арміі ў збройным канфлікце на баку Расеі, і толькі 11% — за такі ўдзел.
Раней былі агучаныя дадзеныя сакавіцкага апытання Chatham House, паводле якіх за прамы ўдзел Беларусі ў баявых дзеяннях на баку РФ выказваліся толькі 3% апытаных.
Але Chatham House апытваў толькі гараджан і прычым онлайн, апытанне каманды прафесара Вардамацкага прадстаўляе ўсё насельніцтва, у тым ліку і жыхароў вёскі, і неінтэрнэтызаваных гараджанаў. Адсюль і адрозненне ў выніках.
Беларускае Радыё Рацыя
