Беларусы святкуюць Дзень беларускай вайсковай славы па ўсім свеце
8 верасня – гэта Дзень беларускай вайсковай славы, неафіцыйнае свята Беларусі, якое адзначаецца ў гонар перамогі ў Аршанскай бітве 1514 года войскаў гетмана Астрожскага над маскоўскімі войскамі.
Вядома, што смаленская шляхта, якая вядзе сваю гісторыю з часоў бітвы пад Воршай, добра ведала беларускую мову. Смаленск быў культурным цэнтрам сярэднявечнай Беларусі. У часе перапісу 1897 года 70% жыхароў амаль усіх уездаў Смаленшчыны назвалі сябе беларусамі.
У гэты дзень Рада БНР правядзе шэраг узнагароджаннямі адзнакамі вышэйшага дзяржаўнага органа Незалежнай Беларусі. Кажа сакратар Рады БНР Алесь Чайчыц:
— Самая важная падзея, якую мы рыхтуем на Дзень беларускай вайсковай славы, гэта ўзнагароджванне. Пагатоў цяпер, падтрымка і ўшанаванне абаронцаў Беларусі, тых, хто ваюе, тых, хто са зброяй у руках змагаецца за свабоду Беларусі, у тым ліку, ва Украіне. Чарговы спіс узнагароджаных ваяроў плануем урачыста абвесціць у гэты дзень. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі віншуе ўсіх беларусаў з гэтай важнай датай, асабліва віншуем тых, хто са зброяй у руках змагаецца за Беларусь.
Перамога войскаў ВКЛ над Масковіяй пад Воршай мела шырокі розгалас у тагачаснай Еўропе і пакінула трывалы адбітак у беларускай культуры. Акрамя гэтага гэты дзень займае прыкметнае, а часам і галоўнае месца ў ваеннай гістарыяграфіі, якая стваралася беларускай дыяспарай у ХХ ст.
Смаленскі Рэспубліканскі Цэнтр, што месціцца ў Польшчы, праанансаваў свой удзел у святочных імпрэзах, прысвечаных разгрому маскавітаў літвінска-польскімі сіламі ў 1514 годзе ў бітве пры Воршы. Кажа старшыня Смаленскага рэспубліканскага цэнтра ў Польшчы Уладзіслаў Жывіца
— Гэта свята і Смаленшчыны. 9-га верасня ў Варшаве мы яго будзем святкаваць, будзе сумесная імпрэза беларуска-польска-ўкраінская, будзе марш. Усе гістарычныя архетыпы захаваныя, і смаляне будуць таксама.
Сёлета свята праходзіць таксама і пад знакам удзелу Беларусі ў розных формах ва ўкраіна-расейскай вайне. Гаворыць сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў:
— Хачу папрасіць беларускую дыяспару і ўсіх беларусаў: у вайсковай сферы ёсць процьма праблемаў, што апрача нас аніхто іх не развяжа. Гэта нашае заданне. Удзел або няўдзел беларускай дыяспары — цана жыццяў тых людзей, каторых потым мы называцьмем героямі. Мы дагэтуль страчваем людзей, на жаль, а дыяспара здольная зрабіць так, каб мы страчвалі менш людзей. Чым больш будзе падтрымкі, тым менш будзе стратаў.
Летапісы і хронікі паведамляюць, што ў Аршанскай бітве маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў ваяроў. У вайне ва Украіне Расея ў наш час страціла, паводле адкрытых крыніц, каля 30 тысяч салдат. Паводле апошніх дадзеных, 450 беларусаў ваююць добраахвотнікамі за Украіну.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя