Беларусы Тбілісі: акцыя салідарнасці
Першая ў 2022-м годзе акцыя салідарнасці, якую правялі беларусы, што пераехалі жыць у Грузію адбылася ў Тбілісі 2 студзеня 2022 года. Акцыя сабрала каля двух дзясяткаў удзельнікаў.

Пра акцыю кажа адна з арганізатарак Алена Трызна:
– Калі шчыра, я не чакала, што выйдзе столькі шмат людзей. Усё ж такі святы, і яны выбіваюць з каляіны, сабраліся самыя адказныя, самыя смелыя людзі, якія змаглі прыйсці.
Алена ўзгадвае падзеі 2021 года, і адной з самых шчаслівых для яе з´яўляецца тое, што яна пераехала ў Грузію:
– Дваццаць першы год быў неадназначным. Самае лепшае, гэта тое, што я апынулася ў цёплай краіне, не думаючы пра гэта яшчэ ў пачатку 2021 года. У прынцыпе, дрэннае забываецца хутчэй, чым добрае. Дрэннае – гэта тое, што стрэс быў вельмі вялікі.
За апошні год у Грузію на сталае жыццё пераехалі каля 10 тысяч беларусаў, а частка разглядае Грузію як так званую перавалачную базу, куды прылятаюць на некаторы час перад палётам у Еўропу.

Беларускае Радыё Рацыя
