Беларусы Тбілісі ладзяць вечар салідарнасці з палітвязнямі
У грузінскай сталіцы Тбілісі 16 кастрычніка адбудзецца вечар салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі.
Пра ідэю акцыі распавядае адна з ініцыятарак яе правядзення Вераніка:
– Колькасць палітвязняў, людзей, якія трапілі за краты, павялічваецца кожны дзень. Дапамагаць трэба як палітвязням, так і тым людзям, якія па палітычных матывах зараз апынуліся ў такім становішчы, і іх сем’ям, блізкім. Таму што гэта ўсё складана. Гэтае мерапрыемства разлічана на тое, каб людзі ўбачылі жывых людзей і іх гісторыі.
Па словах актывісткі, на сустрэчы плануецца таксама распавесці пра ініцыятывы дапамогі палітвязням і іх сем’ям у Беларусі:
– Ёсць шмат якіх сэрвісаў і ініцыятыў, дзе дапамога і падтрымка больш якасная як для тых людзей, якія зараз за кратамі, так і для іх блізкіх. І хацелася б прасоўваць вось гэтыя ініцыятывы, салідарнасць, дапамогу. Таму што толькі праз гэта мы будзем станавіцца як нацыя больш адказна.
Апроч гэтага на сустрэчы будзе магчымасць напісаць лісты і паштоўкі палітвязням. Сустрэча адбудзецца 16 кастрычніка а 18 гадзіне па адрасе: Тбілісі, вуліца Сафіко Чаўрэлі, 13.
Беларускае Радыё Рацыя