Беларусы ў Антытэрарыстычнай аперацыі



Тэма “беларусы ў Антытэрарыстычнай аперацыі” выклікае гарачыя спрэчкі. Тыя, хто яшчэ дае веры пракрамлёўскай прапагандзе, сцвярджаюць, што “гэтыя беларускія нацысты ваююць там за грошы ЦРУ”. Прыхільнікі беларускай незалежнасці перакананыя, што беларусы ў АТА змагаюцца не толькі за свабоду Украіны, але і за незалежнасць нашай дзяржавы.

01_TG_Belarus

Як трапляюць нашыя суайчыннікі ў добраахвотныя ўкраінскія батальёны? Ці ёсць сярод сепаратыстаў сапраўды ідэйныя прыхільнікі ДНР і ЛНР? Чаму шмат хто на Данбасе галасаваў за незалежнасць непрызнаных рэспублік?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з байцом Тактычнай групы “Беларусь” Янам Мельнікавым з пазыўным “Білорус”.

“Білорус”: Я не ехаў сюды ваяваць. Я прыехаў у Кіеў, калі дазнаўся, што на Майдане забілі Міхася Жызнеўскага, майго суайчынніка. А ўжо потым, калі з’явіліся так званыя “самаабаронцы ДНР” з Чачні, то вырашыў, што пайшла акупацыя Расеяй, і трэба тут заставацца.

РР: А за што ж вы тады ваюеце ва Украіне?

“Білорус”:  Я ваюю тут, па-першае, за свабоду Украіны, а па-другое – за сваю асабістую свабоду. Я ваюю не на сваёй зямлі, гэта так. Але я ваюю са сваім ворагам.

РР: Беларускія спецслужбы сцвярджаюць, што існуюць адмысловыя каналы вярбоўкі і што завербаваных беларусаў завозяць ва Украіну ці не пачкамі. Гэта адпавядае рэчаіснасці?

“Білорус”: Нават смешна пра такое чуць. Ці КГБ сапраўды не разумее матывацый людзей, ці яны робяць выгляд, што не разумеюць, а казкі пра “вярбоўкі” падаюць для лукашэнкаўскага электарату, то бок людзей, якія слепа вераць тэлевізіі. Кожны прыязджае з уласнае ініцыятывы.  Хтосьці едзе ў “Азоў”, хтосьці ў “Айдар”, хтосьці ў ДУК “Правы сектар”. Тут нават сярод беларусаў няма еднасці. Але ў беларусаў, якія ваююць у “Правым сектары”, цяпер ёсць свая Тактычная група “Беларусь”.

РР: Калі вы ўзялі ў рукі зброю, то ўяўлялі, што вас потым можа чакаць на Радзіме?

“Білорус”: Вядома ж, я пераглядаў Крымінальны кодэкс РБ. Але ж артыкул “наёмніцтва”, як па мне, перадбачае ўдзел у вайсковай аперацыі менавіта за грошы. Ані ў мяне, ані ў іншых хлопцаў няма ніякіх кантрактаў, і ні грыўны мы тут не атрымалі. Тое, што мы маем – ежа, форма… і ўсё. Разумею, што для нашай улады, для нашых спецслужбаў усё адно, за грошы ты тут ці за ідэю, усё іншае яны напрыдумляюць самі. Мне гэта было зразумела ад самога пачатку. Але ж, зразумейце – я пры гэтым “саўку” вырас, і я стаміўся ад гэтай улады, стаміўся нечага баяцца. І я, і ўсе нашыя хлопцы разумеюць, што робяць тут справу не толькі для Украіны, але і для свабоды Беларусі таксама.

РР: Ці былі нейкія спробы ўціску на вас ці на вашых родных у Беларусі?

“Білорус”: Дзякуй Богу, пакуль не. Усё ж, цяпер не трыццатыя гады. Спадзяюся, што ў спадара Лукашэнкі засталося хоць крыху сумлення і ён не стане ціснуць на мяне праз сваякоў.

РР: А якія ўвогуле правы ў тых іншаземцаў, і беларусаў у тым ліку, якія ваююць на баку Украіны?

“Білорус”: Адразу хачу сказаць наступнае. Шмат хто, напэўна, думае, што сярод беларусаў, якія ваююць у АТА, багата людзей, якія выступалі ў Беларусі супраць улады. Гэта не так. Я і сам здзівіўся, калі пабачыў людзей, якія раней абсалютна не цікавіліся палітыкай і супраць нашай улады не выступалі.

РР: У Вярхоўную Раду была ўнесеная прапанова: даць украінскае грамадзянства ўсім іншаземным удзельнікам Антытэрарыстычнай аперацыі…

“Білорус”: Так-так-так. Але насамрэч атрымаць грамадзянства немагчыма. Цяпер паступіла такая прапанова: іншаземцы заключаюць кантракт з ВСУ і пасля трох гадоў тое ўкраінскае грамадзянства атрымліваюць…

РР: Вы, напэўна, сутыкаліся з тымі ж сепаратыстамі ДНР ці ЛНР. Гэтыя людзі сапраўды ваююць за ідэю, ці тамака багата алкаголікаў, наркаманаў і людзей з крымінальным мінулым, як пра гэта неаднаразова паведамлялася?

“Білорус”: Давялося сустракацца з людзьмі “з таго боку”, якія траплялі да нас у палон. Ніводнага “ідэйнага” я не пабачыў. Ніводны не гаварыў, што Украіна той Данбас прыгнятае. Бачыў аднаго мясцовага. Ён быў наркаманам, і улады ДНР яго прыцягнулі: ідзі, ваюй і выпраўляйся.

РР: І багата такіх людзей?

“Білорус”: Мы ж трымаем кантакт з беларусамі, якія ваююць у іншых батальёнах. Там расказваюць тое ж самае. На некаторых участках фронта сепаратысты ваююць за алкаголь і ежу. Ім прывозяць раз на дзень, і яны за гэта павінны “трымаць перыметр”.

РР: Як на ваш погляд – расейскай тэлевізійная прапаганда сапраўды такая дзейсная?

“Білорус”: Так. За гэты час мне давялося паразмаўляць з людзьмі тых гарадоў і мястэчкаў, якія мы вызвалялі. Да нас падыходзілі цёткі па дамамогу, па ежу, і пры гэтым шчыра гаварылі, што на рэферэндуме галасавалі за ДНР. І вось ведаеце, паразмаўляўшы з тымі цёткамі, я зразумеў адну сітуацыю: яны не за Расею ішлі. Іх Расея не цікавіла. Яны йшлі за расейскімі пенсіямі і за заробкамі. Але ніяк не за гэтым сцягам…

Беларускія дабраахвотнікі ваююць у батальёнах “Азоў”, “Айдар”, “Данбас” і “Правы Сектар”. Этнічныя беларусы з Чарнігаўскай, Жытомірскай і Ровенскай абласцей ёсць таксама ў батальёне “Святая Марыя”, Першым танкавым корпусе і 93-й аэрамабільнай брыгадзе. Колькі ўсяго беларусаў змагаецца за ўкраінскую незалежнасць, невядома.

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Здымкі: архіў Яна Мельнікава