Беларусы ў інтэрнэце ўсё больш актыўныя



У 2017 годзе амаль 40% беларусаў заявілі, што часцей за ўсё атрымліваюць інфармацыю ў сацсетках. Гэта вынікае з сацыялагічнага даследавання, якое апублікаваў інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. На сваёй практыцы такія працэсы назірае журналіст-фрылансер з Рэчыцы Андрэй Мядзьведзеў, паводле якога людзі спачатку сваё праблемы агучваюць у інтэрнэце, а ўжо потым звяртаюцца да журналістаў.

– Спрабуюць спачатку звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта, пісаць у «Белорусское времечко» – гэта для іх такі выратавальны круг. Далей яны бачаць, што ніякага выніку няма, і пачынаюць пісаць праз інтэрнэт. Тыя, хто не жыве ў інтэрнэце, канешне, спадзяюцца на дзяржаўныя СМІ, звяртаюцца туды. Але там вялікая цэнзура, многія тэмы папросту не праходзяць. Таму наступным разам яны туды не звяртаюцца, а адразу шукаюць нейкіх незалежных журналістаў.

З даследавання інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі вынікае, што самы папулярны канал распаўсюду інфармацыі ў Беларусі – сацыяльная сетка «Одноклассники». Гэта практыка сябе паказала і падчас пратэстаў у Берасці супраць будаўніцтва завода акумулятарных батарэй, калі інфармацыя распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі, а блогераў, якія ўздымаюць гэту праблему на ютубе, пераследуе міліцыя. 

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя