Беларусы ў Польшчы вывучаюць досьвед студэнцкага самакіравання 



Ужо чацвёрты дзень студэнты беларускіх дзяржаўных ВНУ па запрашэнні Беларускага дому ў Варшаве знаходзяцца з візітам у Польшчы, дзе вывучаюць досьвед студэнцкага самакіравання, знаёмяцца з экспертамі  і палітыкамі ў галіне польскай дзяржаўнай трансфармацыі, усталёўваюць кантакты з польскімі студэнтамі.

Распавядае дырэктар Беларускага дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:

– Група беларускіх студэнтаў, якія былі абраныя на падставе 300 анкет. І гэта група была абраная сумесна Беларускім домам і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў. Гэты адукацыйны візіт прысвечаны посьпехам польскай трансфармацыі і досьведу студэнцкага самакіравання ў Польшчы. Тут прысутнічаюць некалькі актыўных сябраў ЗБС, але ў большасці – проста студэнты з розных беларускіх ВНУ.

У тым ліку з Беларускага дзяржаўнага і эканамічнага ўніверсітэтаў, Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ды іншых ВНУ. «Візіт у Польшчу дасць маладым беларусам матывацыю мяняць Беларусь у будучыні», – дадае Алесь Зарэмбюк.

– Мэта гэтага візіту – паказаць маладым, актыўным, ініцыятыўным і адукаваным людзям у Беларусі, як можна да непазнавальнасці змяніць у лепшы бок сваю краіну. Няўзброеным вокам у Польшчы бачна як змянілася краіна, якой яна была ў 90-я гады і якой стала. Я перакананы, што гэта паслужыць для студэнтаў матывацыяй, каб у будучым таксама мяняць Беларусь.

Каб трапіць у спіс 20 лепшых, трэба было прапанаваць, альбо ўжо рэалізоўваць цікавыя студэнцкія праекты, добра валодаць замежнай мовай.

 

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота eastbook.eu