Беларусы ўшанавалі памяць Тадэвуша Касцюшкі ў ЗША



Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным памяці нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі, якое штогадова адбываецца ў Ваеннай Акадэміі ў Вэст-Пойнце (штат Нью-Ёрк). 

Менавіта ў гэтую мясцовасць вясной 1778 года, падчас змагання Злучаных Штатаў за незалежнасць ад Вялікабрытаніі, прыбыў легендарны генерал і вайсковы інжынер, каб заняцца ўдасканаленнем фартыфікацыйных збудаванняў над ракой Гудзон. Зараз жа ў гэтым маляўнічым кутку Нью-Ёркшчыны дзейнічае адна з найбольш прэстыжных навучальных установаў у галіне вайсковай справы.

На імпрэзе прысутнічалі супрацоўнікі дыпламатычнага корпуса Літвы і Польшчы, ветэраны, вайскоўцы розных рангаў, кадэты, сябры грамадскіх арганізацый. „Разынкай” мерапрыемства стаў парад, які зладзілі навучэнцы ваеннай акадэміі ў суправаджэнні вайсковага аркестра. Найбольш уразіў гасцей выступ маладых парашутыстаў, якія дэманстравалі сапраўднае майстэрства з дакладным прызямленнем у дакладную лакацыю на стадыёне.  Дарэчы, у Акадэміі праходзяць навучанне не толькі хлопцы, але і дзяўчаты, служба якіх не прадугледжвае ніякіх асаблівых саступак.

Нягледзячы на тое, што мерапрыемства праводзілася ўжо ў 19-ы раз, беларускія актывісты (сярод якіх былі прадстаўнікі Беларуска-амерыканскага Задзіночання BAZA і Беларуска-асветніцкай Лігі Амерыкі (BELA)) афіцыйна прысутнічалі на ім упершыню, аднак ужо атрымалі запрашэнне на наступны год. Больш за тое, адзін з нашых землякоў выступіў перад аўдыторыяй са змястоўным дакладам, а таксама ўсталяваў у канферэнцыйнай залі бел-чырвона-белы сцяг.

Вялікую цікавасць выклікаў выступ 93-гадовага прафесара Збігнева Крушэўскага – жывога сведкі Варшаўскага паўстання, а ў пазнейшым – вайскоўца і навукоўца. Прафесар шчыра распавёў пра шэраг эпізодаў адных з найбольш трагічных і ў той жа час гераічных старонак Другой сусветнай вайны, калі ён ажно пяць разоў аказваўся на мяжы пагібелі, аднак усё ж такі здолеў уратавацца і ў выніку стаў прафесарам універсітэта ў Чыкага.

Варта адзначыць, што прысутныя на імпрэзе генеральныя консулы Польшчы і Літвы неаднаразова ўзгадвалі Беларусь і беларусаў, лёс і будучыня якіх зараз вельмі спалучаныя з лёсам Украіны. Паводле меркавання дыпламатаў, менавіта Усходняя Еўропа зараз – гэта той “кацёл”, дзе крышталізуецца новае моцнае і свабоднае ўсходнееўрапейскае грамадства. І ў гэтай звязцы роля кожнай асобнай краіны вельмі важная, асабліва з улікам неабходнасці супрацьстаяння расейскай агрэсіі. 

Тэкст і фота Міхася Чаропкі і Ірыны Хадарэнка