Беларусы возьмуць удзел у Сусветных днях моладзі ў Панаме
Беларуская дэлегацыя ад Каталіцкай Царквы ў Беларусі прыме ўдзел у 34-х Сусветных днях моладзі, якія пройдуць у Панаме. Традыцыйна сустрэчы праходзяць штораз у новай краіне. Ад Беларускай Паўсюднай Царквы паедзе на сустрэчы 27 прадстаўнікоў ад розных парафіяў і розных дыяцэзіяў нашай краіны. Узначаліць беларускіх пілігрымаў ксёндз-біскуп Язэп Станеўскі. Кажа пра Сусветныя дні моладзі ксёндз Антоні Грэмза:
– Спачатку мы возьмем удзел у такіх місійных днях у адной з панамскіх дыяцэзій. Будзем прэзентаваць там Беларусь і наш Каталіцкі Касцёл на гэтай сустрэчы.
Ужо 16 студзеня беларуская дэлегацыя мае вялікі пералёт да месца сустрэчы. Пілігрымы ўжо падрыхтавалі гімн Сусветных дзён моладзі, перакладзены па-беларуску. Яны перакананы, што духоўны вопыт Паўсюднай Апостальскай Царквы ў Беларусі будзе карысным для моладзі, якая збярэцца ў Панаме. У праграме сустрэчаў цэнтральным пунктам будзе 22 студзеня ў Панама-сіці, дзе моладзь будзе на сумеснай катэхезе, а таксама паўдзельнічае разам з Папам Рымскім Францішкам Першым у Святой імшы.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: sib-catholic.ru