Беларусы выйшлі ў фінал конкурсу стартапаў GenerationS
Беларускі стартап, які распрацоўвае аплікацыю пад назвай PUSHka, выйшаў у фінал прэстыжнага расейскага конкурсу GenerationS. Рабятам атрымалася прайсці адборавы тур з больш чым 2500 праектаў, якія імкнуліся ўдзельнічаць у спаборніцтве.
Па словах Сяргея Драбышэўскага, яго каманда рыхтуе сэрвіс, які дапамагае людзям планаваць сваю онлайн-адукацыю. Карыстальнік зможа выбраць прыдатныя інтэрнэт-курсы на розных пляцоўках і аўтаматычна запланаваць даты і час навучання ў асабістым календары мабільнай прылады.
У секцыі Telecom Idea ў PUSHka засталося чацвёра канкурэнтаў. Калі беларусы перамогуць, то выйдуць у суперфінал, дзе будуць змагацца з пераможцамі іншых секцый. Трое пераможцаў падзеляць паміж сабой прыз у памеры 10 мільёнаў расейскіх рублёў (каля $150 тысяч).
