Беларусы з пачатку года траплялі ў крызісныя сітуацыі ў 25 краінах
З пачатку бягучага года беларусы траплялі ў крызісныя сітуацыі ў 25 краінах, паведаміла прэс-служба праграмы „Ла Страда”.
За першае паўгоддзе 2019 года да спецыялістаў „Ла Страда” па кансультацыю па бяспечным выездзе звярнуліся 3.723 чалавекі.
Самая папулярная тэма зваротаў — пашпартна-візавы рэжым і асаблівасці знаходжання ў розных краінах. З такімі пытаннямі звярталіся 34% абанентаў. Працаўладкаванне за мяжой цікавіла 27%, тэма ўзяцця або скасавання шлюбу — 7%, вучоба за мяжой — 6%, выезд на пастаяннае месца жыхарства — 3%.
У першым паўгоддзі самымі папулярнымі кірункамі выезду сталі Польшча (12% запытаў) і Германія (7%). Трэцяе месца дзеляць Расія, Італія і Украіна. Па кожнай з дзяржаў паступіла 4% пытанняў.
У ліку краін, у якіх беларусы траплялі ў крызісныя сітуацыі, — Азербайджан, Алжыр, Арменія, Балгарыя, Германія, Грузія, Егіпет, Ізраіль, Іспанія, Італія, Кітай, Ліван, Лівія, Літва, ААЭ, Польшча, Расія, ЗША, Тайланд, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя, Паўднёвая Карэя. Найбольшая колькасць зваротаў (37%) зафіксаваная падчас знаходжання ў Польшчы. У асноўным беларусы паведамлялі, што сутыкнуліся ў гэтай краіне з парушэннем сваіх працоўных правоў, поўнай або частковай нявыплатай заработнай платы.
Усяго за шэсць месяцаў года супрацоўнікі праграмы аказалі дапамогу 108 грамадзянам, якія трапілі ў складаную сітуацыю за мяжой. Большасць з іх (34%) звярнуліся ў сувязі з парушэннямі сваіх працоўных правоў за мяжой, 32% — з нагоды вышуку зніклых за мяжой, 23% крызісных зваротаў было па фактах хатняга гвалту ў міжнацыянальных шлюбах, 10% складаных сітуацый былі звязаныя з затрыманнем паліцыяй, стратай альбо крадзяжом дакументаў у розных краінах свету.
Сёння самым запатрабаваным сэрвісам для беларусаў з’яўляецца паслуга анлайн-кансультавання на сайце праграмы. За першае паўгоддзе ёй скарысталіся 65% тых, хто звярнуўся. На гарачую тэлефонную лінію патэлефанавалі 21%, па электроннай пошце паступіла 14% пытанняў.
Праект „Ла Страда” працуе ў Беларусі з 2001 года і з’яўляецца часткай міжнароднай сеткі арганізацый „Ла Страда”, галоўная задача якой — супрацьдзеянне гандлю людзьмі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сёння міжнародная сетка дзейнічае ў Беларусі, Балгарыі, Македоніі, Малдове, Нідэрландах, Польшчы, Украіне, Чэхіі. У Беларусі праект адмініструецца міжнародным грамадскім аб’яднаннем „Гендарныя перспектывы”.
Са спецыялістамі „Ла Страда” можна звязацца па тэлефонах 113 (стацыянарная сетка) і 7113 (мабільная), па электроннай пошце [email protected]y і праз паслугу анлайн-кансультавання на сайце www.lastrada.by, а таксама па нумары +375 17 211 02 51 для званкоў з-за мяжы. Праца інфалініі 113 падтрымліваецца ў Беларусі дзвюма арганізацыямі: МГА „Гендарныя перспектывы” і ГА „Клуб дзелавых жанчын”.