Беларусы збіраюць дапамогу на пахаванне актывіста страйкаму БМЗ, які памёр у эміграцыі



У Познані памёр беларус Дзмітрый Сафонаў, які эміграваў праз крымінальны пераслед на радзіме. У Беларусі ў яго засталася жонка, якая змагаецца з анкалогіяй, і сын, які адбывае тэрмін у турме.

Пра гэта паведаміла актывістка Таццяна Гацура-Яворская са спасылкай на дыяспару беларусаў у Познані.

Паколькі дапамагчы сям’і памерлага Дзмітрыя Сафонава няма каму, беларуская дыяспара ў Познані просіць страйкамаўцаў усіх заводаў і ўсіх неабыякавых дапамагчы ў зборы неабходнай сумы на пахаванне Дзмітрыя:

«У пахавальным бюро  выставілі цану за ўсю працэдуру — 10 000 злотых. Транспартаванне цела Дзмітрыя ў Беларусь каштуе прыкладна столькі ж. Просьба ўсім неабыякавым адгукнуцца і аказаць дапамогу ў зборы неабходнай сумы. Усе сабраныя грошы будуць перададзены сям’і Дзмітрыя.

Па выніках збору будзе апублікаваная справаздача, на асабісты запыт будзе прадстаўленая банкаўская выпіска», — гаворыцца ў паведамленні беларусаў у Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя