Беларусы збіраюць грошы на помнік Тадэвушу Касцюшку



На сайце talaka.org абвешчаны збор сродкаў на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Ініцыятарам праекта выступіў журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка.

„Сябры! Гэтымі днямі, калі ідзе абмеркаванне сітуацыі вакол помніка Касцюшку ў Залатурне, у паветры прагучалі абсалютна справядлівыя думкі і папрокі. Калі Касцюшка – выдатны сын Беларусі, то дзе гэта відаць? Дзе хоць адзін помнік выдатнаму сыну?», – напісаў Лабадзенка ў сацыяльных сетках. 

У Беларусі дагэтуль няма ніводнага помніка Касцюшку. Ёсць толькі бюст на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Менску і бюст у вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была сядзіба Касцюшкаў.

На фота: бюст Касцюшку ў Сяхновічах.

Тым часам, помнік Касцюшку на 200-я ўгодкі ягонай смерці адкрываецца ў швейцарскім Залатурне, дзе Касцюшка памёр. Вакол адкрыцця помніка ўзнік скандал, калі польская амбасада ў Швейцарыі стала дабівацца, каб на помніку не было ніякіх згадак пра Беларусь. У працэсе абмеркавання ў паветры прагучалі абсалютна справядлівыя папрокі – а ці годна мы шануем памяць свайго слаўнага земляка, ці ставім яму помнікі на Радзіме?..

„Давайце пакажам, што мы – нацыя, якая памятае і шануе сваіх нацыянальный герояў, слаўных сыноў нашай зямлі!”

На помнік плануецца сабраць 11 тысяч рублёў.

ЗБОР СРОДКАЎ ТУТ: https://www.talaka.org/projects/2269/fund