Беларусы збіраюць подпісы за распрацоўку законапраекта пра сталінізм



На інтэрнэт-платформе “Зручны горад” (PETITIONS.BY) з’явілася петыцыя ў адрас Савета Міністраў і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Пад ёй збіраюцца подпісы на карысць “Распрацоўкі законапраекта, рэгулюючага пытанні адносінаў беларусаў да сталінізму”.

Падрабязней пра матывы стварэння петыцыі кажа ейны аўтар, грамадскі актывіст Антон Касцоў:

– Па-першае, я лічу сталінскі рэжым – злачынным рэжымам, лічу, што нічога добрага нам гэты рэжым не даў. Ён павінен быць асуджаны на высокім дзяржаўным узроўні. І архівы КГБ павінны быць адкрыты для ўсіх, таму што беларусы маюць права ведаць праўду пра сваю гісторыю. Другое. Апошнім часам прадстаўнікі так званага «рускага свету» спрабуюць абяліць Сталіна, апраўдаць рэпрэсіі. Гэта непавага да беларусаў, да беларускай гісторыі. І гэта павінна карацца, таксама як караецца прапаганда нацызму.

Гэта пытанне непакоіць мяне асабіста, таму што мой прадзед быў рэпрэсаваны ў савецкія часы і я ведаю што гэта такое”, – падсумаваў Антон Касцоў. На дадзены момант пад петыцыяй падпісаліся крыху больш за 150 чалавек.

Знос помніка Іосіфу Сталіну. Берасце, чэрвень-ліпень 1941 года. Ілюстрацыйнае фота з публікацыі краязнаўцы Івана Чайчыца.

Беларускае Радыё Рацыя