Беларусы звараць піва да 100-годдзя БНР



Бровары з Беларусі, Чэхіі і Расеі звараць некалькі гатункаў піва спецыяльна да святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Годам раней „Лідскае піва” выпусціла гатунак „Менскае 1918”, прысвечаны стварэнню першай беларускай нацыянальнай дзяржавы, у гэтым годзе далучыліся ўжо іншыя бровары.

Праект ініцыяваў чэскі бровар First Order Brewing, адным з удзельнікаў якога з’яўляецца беларус Кірыл Якімовіч, які зварыў піва разам з расейскім броварам Selfmade Brewery, дзе працуе іншы беларус Аляксей Фадзеенка. Ідэю таксама падтрымалі беларускія вытворцы Blood Brothers Brewery і Taler, якія выпусцяць спецыяльныя гатункі піва. Святочнае піва падрыхтавала берасцейская піўная крама „Пан саладоўнік” – ім будуць частаваць пакупнікоў напярэдадні 25 сакавіка. Да праекта могуць далучыцца таксама іншыя бровары, проста прыдумаўшы рэцэпт, назву ці афармленне, натхнёныя гісторыяй 100-гадовай даўніны.

Галоўнай падзеяй святкавання 100-годдзя БНР стане канцэрт у цэнтры Менска 25 сакавіка. Ён пачнецца а 14:00 на пляцоўцы каля Опернага тэатра.

pivo.by