Беластоцкі «Карытас» рыхтуе 200 заплечнікаў для беларускіх дзяцей



200 беларускіх дзяцей маюць шанец атрымаць заплечнікі і школьныя прылады ад дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Карытас» Беластоцкай архідыяцэзіі. Гэта будзе магчымым дзякуючы акцыі «Заплечнік поўны ўсмешак».

Беластоцкі «Карытас» за сабраныя падчас іншай акцыі грошы ўжо купіў 320 заплечнікаў, 1/3 з іх падарылі гандлёвыя цэнтры. 200 камплектаў атрымаюць дзеці з Беларусі. Да канца жніўня кожны жадаючы можа ахвяраваць грошы на школьныя прылады.

Беларускія дзеці могуць атрымаць заплечнікаў больш, калі нехта купіць цэлы камплект, а пасля прынясе ў «Карытас».

Намеснік дырэктара «Карытаса» Беластоцкай архідыяцэзіі ксёндз Пётр Кабэшка паінфармаваў, што да іх з просьбай аб дапамозе звярнуўся дырэктар гарадзенскага «Карытаса» ксёндз Раман Рачка. Беларускі святар патлумачыў, што ў Польшчы значна палепшылася фінансавая сітуацыя, калі гаворка ідзе пра школьныя прылады, а ў Беларусі многія бацькі не могуць купіць усё неабходнае для школы з-за нізкіх заробкаў.

«Там сапраўды патрэбная дапамога. Я думаю, нашыя магчымасці крыху памяняліся, і мы можам падзяліцца такой суседскай дапамогай з тымі, каму яна патрэбная», – гаварыў на прэс-канферэнцыі ксёндз Кабэшка. Ён дадаў, што акцыя можа быць нагодай для таго, каб навучыцца быць неабыякавымі да патрэб суседзяў.

Паводле radyjo.net