Беластоцкія ВНУ запрашаюць гарадзенцаў
Беластоцкі фонд „Okno na Wschód” супольна з мясцовымі ўніверсітэтамі запрашае гарадзенцаў – выпускнікоў 11-х класаў ды іх бацькоў, зацікаўленых у навучанні ў вышэйшых навучальных установах сталіцы Падляшша, прыняць удзел у азнаямляльным візіце.
Запрашаючы бок гарантуе бясплатныя візы, пражыванне, харчаванне і правядзенне экскурсій. Прыезд запланаваны на 29-31 траўня.
Па словах дырэктара ліцэя пры грамадскім аб’яднанні „Polska Macierz szkolna” Антона Пацэнкі, з кожным годам павялічваецца колькасць маладых гарадзенцаў, якія выказваюць жаданне атрымаць адукацыю ў Беластоку ды іншых гарадах Польшчы:
– Большасць нашых выпускнікоў, якія ставяць сабе за мэту паступіць у гэтую навучальную ўстанову, паступаюць туды, вучацца там і не губляюцца, дасягаюць нейкіх поспехаў. Гэта нас цешыць, бо мы лічым, што такі адукаваны чалавек, ці ён кудысьці паедзе, ці застанецца ў Польшчы, ці вернецца ў Беларусь, ён і так прынясе карысць з кожнага пункту гледжання.
Жадаючыя наведаць Беласток і пазнаёміцца з умовамі паступлення і вучобы ў мясцовых універсітэтах да 10-га траўня павінны запоўніць электронную анкету на адмысловай інтэрнэт – старонцы. Адзіная аплата, якая патрабуецца з удзельнікаў тура – 20 даляраў на адміністрацыйныя выдаткі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня