Белавежскую пушчу атакуюць караеды



Белавежская пушча з беларускага боку перажывае нашэсце караедаў. Спецыялісты ляснога аддзела нацыяльнага парку прагназуюць у гэтым годзе чарговы пад’ём актыўнасці караеда-тыпаграфа. Гэта невялікі жук, які мае ўсяго 4-5 міліметраў даўжыні, аднак наносіць шкоду дрэвам. Старшыня абласной арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Андрэй Абрамчук адзначыў, што такая з’ява звязана з неўстойлівымі ўмовамі надвор’я.

– Караед у Белавежскай пушчы заўсёды быў і будзе. Ён адзін з элементаў экасістэмы. І, у прынцыпе, гэта нармальна. Перыядычна, паводле ацэнак, раз у 10 гадоў бываюць успышкі – празмерны рост колькасці караедаў. Звычайна гэта звязана з гарачым летам, мяккай зімой. Бо гэта час, які яны добра пераносяць; сухія ўмовы спрыяльныя для размнажэння караедаў.

Папярэдняя эпідэмія караедаў адбылася на пачатку 2000-х гадоў. Большая частка старога ельніку, дзе месцяцца жукі, знаходзіцца ў запаведнай зоне, дзе любая гаспадарчая дзейнасць забаронена.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота letnews.ru