„Белавія”: Еўрапейскім лоўкостам Менск не цікавы
Еўрапейскім авіякампаніям-лоўкостерам Менск не цікавы, заявіў генеральны дырэктар авіякампаніі „Белавія” Анатоль Гусараў у чацвер на пасяджэнні калегіі дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму.
На калегіі было зноў выказана меркаванне, што нацыянальная авіякампанія перашкаджае патэнцыйным канкурэнтам, а ў асаблівасці лоўкостерам, выходзіць на беларускі рынак авіяперавозак, піша „Sputnik„.
„Няма ні адной заяўкі лоўкост-кампаній на палёты з нейкіх еўрапейскіх гарадоў у Менск, якую б авіяцыйныя ўлады не задаволілі ці не дазвалялі лётаць”, – заявіў Гусараў.
Ён таксама адзначыў, што неўзабаве, магчыма, з Менска пачне лётаць лоўкост-кампанія Fly Dubai, „хоць сёння эканоміка не вельмі да гэтага схіляецца”.
„Нікому з еўрапейскіх лоўкостераў Менск сёння проста не патрэбны. Яны ж зарабляюць грошы, а не проста танна прадаюць квіткі. Тут яны дакладна разумеюць, што грошай не заробяць. Прычын гэтаму вельмі шмат, але не „Белавія” тут перашкода”, – падкрэсліў Гусараў і нагадаў, што ўзначаленая ім кампанія не з’яўляецца рэгулятарам.
Не згодны кіраўнік „Белавія” і з прэтэнзіямі, што кампанія не пускае ў Беларусь самалёты Уральскіх авіяліній. „Мы іх звалі некалькі разоў, але ім не трэба сюды прыходзіць”, – запэўніў ён.
Размовы аб магчымым „рэгуляванні” авіяперавозчыкам сферы аднавіліся пасля паведамленняў СМІ, нібыта „Белавія” выказалася супраць прыходу на беларускі рынак расейскай лоўкост-кампаніі „Победа”. Пазней і прадстаўнікі авіякампаніі, і супрацоўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый гэтую інфармацыю абверглі.