„Белавія” прадала ў межах акцыі 36.950 білетаў
Авіякампанія „Белавія” прадала 36.950 білетаў у межах акцыі з нагоды свайго 20-годдзя. 55% пакупнікоў — ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў. 60,5% — жанчыны, паведаміў перавозчык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
Пасажырам прапаноўвалася купіць на сайце „Белавія” ў агульнай складанасці 114.000 білетаў на розныя рэйсы па цане 20 еўра плюс таксы і зборы (перыяд палёту з 5 сакавіка 2016 года па 30 студзеня 2017 года). Акцыю планавалася правесці 5 сакавіка, аднак яна была прадоўжана на адзін дзень з-за наплыву наведвальнікаў на сайт і, як следства, цяжкасцяў пры набыцці білетаў.
Найбольшая колькасць білетаў была выкуплена на рэйсы ў Санкт-Пецярбург (3.430), Тбілісі (2.922), Прагу (2.598), Маскву (2.532) і Амстэрдам (2.454).