„Белавія” ўводзіць новы лагатып – на аснове васілька
Нацыянальная авіякампанія „Белавія” занялася рэбрэндынгам.
Па словах яе генеральнага дырэктара Анатоля Гусарава, першыя самалёты з новай расфарбоўкай з’явяцца ў парку авіякампаніі ў жніўні 2016 года. Гэта будуць новыя “Боінгі 737”, якія ў парк “Белавіі” паступяць адразу з завода-вытворцы.
“У аснове новай расфарбоўкі кветка — васілёк. Паступова мы будзем так расфарбоўваць і свае старыя самалёты. Перамены закрануць не толькі знешнасць самалётаў, але і салон”, — паведаміў Гусараў.
Таксама паведамляецца, што ўжо з наступнага лета магчымае адкрыццё новага беспасадачнага рэйса з Мінска на Канарскія астравы.
Першым ідэю выкарыстоўваць матыў васілька ў афармленні самалётаў “Белавіі” прапанаваў дызайнер Ілля Андрэеў. Ён проста выклаў у інтэрнэт свае эскізы. Праз пэўны час дызайнера запрасілі на сустрэчу з кіраўніцтвам авіякампаніі для сумеснай працы.