Белгідрамет зможа складаць прагнозы надвор’я не на 6, а на 10 сутак



Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў кіраўнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Аляксандр Бяганскі.

– У 2020 годзе плануецца, што Белгідрамет будзе атрымліваць па ліцэнзійным пагадненні прагнозы Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў, што дазволіць нам павялічыць своечасовасць прагноза да 10 сутак. Зараз у нас максімальная своечасовасць прагнозаў скаладае 6 сутак.

Паводле Аляксандра Бяганскага, будзе ўдасканальвацца і сістэма звышкароткатэрміновага прагназавання – гэта вельмі важна ўлетку, каб папярэджваць пра залевы, штормы, град і іншыя экстрэмальныя з’явы.

Белгідрамет атрымаў доступ да дадзеных радараў краін-суседак. Пра гэта паведаміла намесніца кіраўніка Белгідрамету Святлана Кузьміч:

– Белгідрамет атрымаў доступ да дадзеных радараў Польшчы, Украіны, Расеі і Прыбалтыкі. І гэта дазваляе ў рэжыме анлайн выяўляць і суправаджаць небяспечныя атмасферныя з’явы на тэрыторыі сумежных дзяржаў.

Што да сваёй сеткі назірання, то сёлета Белгідрамет плануе ўсталяваць сем метэастанцый і два радыёлакатары. Станцыі з’явяцца ў Навасёлках, Іўі (Гарадзенская вобласць), Кобрыні і Маларыце (Берасцейская), Плешчаніцах (Менская), Расонах (Віцебская) і ў Вялікім Межніку (Магілёўская вобласць). Радыёлакатары будуць усталяваныя ў аэрапортах Гародні і Берасця.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск