„Беллегпрам” расказаў пра кошт школьнай формы ў бягучым годзе



Адпускныя цэны на камплекты адзення дзелавога стылю для школьнікаў у гэтым годзе пачынаюцца ад Br77, паведаміла карэспандэнту начальнік упраўлення ўнутранага гандлю і выставачнай дзейнасці канцэрна „Беллегпрам” Святлана Кахро.

Так, для хлопчыкаў цэны на камплект пінжак – штаны – кашуля айчыннай вытворчасці складуць: для 1-4-х класаў – Br85-106, для 5-9-х класаў – Br96-125, для 10-11-х класаў – Br123-151. Камплект пінжак – камізэлька – штаны – кашуля абыдзецца ў памеры Br101-130 для вучняў 1-4-х класаў, Br113-152 – для 5-9-х класаў, аналагічны набор для старшакласнікаў будзе каштаваць Br151-181 (пералічаны адпускныя цэны з ПДВ, гандлёвую надбаўку магазіны ўстанаўліваюць самастойна).

Для дзяўчынак 1-4-х класаў кошт камплекта жакет – камізэлька – спадніца – блузка складзе Br77-120, для 5-9-х класаў – Br79-130, для 10-11-х класаў – Br116-165.

„Кожны год нашы дызайнеры, прыслухоўваючыся да меркавання пакупнікоў – бацькоў і дзяцей, Мінадукацыі, аналізуюць, чаго не хапае і што трэба запусціць у вытворчасць, што новае трэба распрацаваць. Напрыклад, цяпер прапаноўваюцца мадэлі з выкарыстаннем трыкатажных палотнаў, каб яны не абмяжоўвалі рухі, выкарыстоўваецца спалучэнне розных фактур тканін, нятканыя матэрыялы, падшываныя, каб зрабіць больш разнастайным адзенне дзелавога стылю для школьнікаў”, – расказала Святлана Кахро.

У гэтым годзе прадпрыемствы „Беллегпрама” выпусцяць да новага навучальнага года 350 новых мадэлей швейных вырабаў, яшчэ 150 запланаваны да паўторнага выпуску – гэта мадэлі, якія ў мінулым годзе карысталіся найбольшым попытам і атрымалі станоўчыя водзывы пакупнікоў.

Вытворчасцю і пастаўкай адзення дзелавога стылю да новага навучальнага года займаюцца дзевяць арганізацый швейнай галіны канцэрна „Беллегпрам” і пяць – трыкатажнай галіны. Асартымент выпускаемых трыкатажных вырабаў для дзяцей школьнага ўзросту налічвае больш за 300 мадэлей, швейных – больш за 500.

belta.by