„Белпошта” адсудзіла ў „Народнай Волі” 100 тысяч рублёў



«Белпошта» адсудзіла ў «Народнай Волі» больш за 100 тысяч рублёў — у якасці кампенсацыі за нерэалізаваныя наклады, паведамляе «Ежедневник».

Эканамічны суд Менска прысудзіў «Белпошце» апошнюю частку ад сумы кампенсацыі, якую дзяржаўная арганізацыя запатрабавала ў канцы мінулага года з газеты «Народная Воля».

Усяго прыватнае выданне, якое не здолела надрукаваць газеты ў друкарнях Беларусі і Расіі і не даставіла наклады на пошту і для падпісчыкаў, абавязана выплаціць заяўніку звыш 108 тысяч рублёў. Гэтыя прэтэнзіі былі ацэненыя разам з няўстойкамі і інш.

З пазовам аб выплаце выдавецкай кампаніяй «Народная Воля» кампенсацыі за не атрыманыя са жніўня 2020 года наклады «Белпошта» звярнулася ў суд у канцы мінулага года.

Праблемы з дастаўкай газеты «Белпошце» паўсталі ў «Народнай Волі» пасля таго, як яе перасталі спачатку ў жніўні 2020-га друкаваць у «Беларускім доме друку», а потым і ў Расеі.

Па словах галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча, «Белпошта» не атрымала наклады «не таму што, што мы адмовіліся».

«Мы прапанавалі ім даставіць тыраж для падпісчыкаў і тое, што можна прадаць у паштовых аддзяленнях. Нашы газеты былі ў экспедыцыі некалькі дзён, але «Белпошта» думала і адмовілася на трэці дзень. Такім чынам, мы не можам пагадзіцца з пазовам супраць нас. Паралельна будзем прыцягваць да адказнасці Выдавецтва «Беларускі дом друку», — казаў напярэдадні судовага супрацьстаяння Іосіф Сярэдзіч.

На працягу гэтага года прайшлі тры судовыя пасяджэнні па пазове «Белпошты», у якіх былі задаволеныя ўсе яе грашовыя патрабаванні – у лютым, сакавіку і на мінулым тыдні. У лютым Эканамічны суд Менска абавязаў «Народную Волю» выплаціць заяўніку 9 576 рублёў 98 капеек, у сакавіку — 84 665 рублёў 06 капеек, у кастрычніку — 14 189 рублёў 61 капейку, а таксама панесеныя судовыя выдаткі на выплату дзяржаўнай пошліны ў памеры 725 рублёў.

«Народная Воля» — сярод тых недзяржаўных друкаваных выданняў, якія з мінулага года не ўключаюцца «Белпоштай» у падпісны каталог.