„Белпошта” пашырыла спіс краін, куды адноўлены прыём паштовых адпраўленняў



 РУП „Белпошта” пашырыла спіс краін, куды адноўлены прыём міжнародных паштовых адпраўленняў, гаворыцца ў паведамленні на сайце паштовага аператара.

18 сакавіка „Белпошта” прыпыніла прыём паштовых адпраўленняў ва ўсе краіны, акрамя Расеі, Кітая і Ганконга. Як патлумачылі на прадпрыемстве, гэта было звязана з абвешчанай пандэміяй каранавіруса, бо ва ўсім свеце авіякампаніі, якія ажыццяўляюць перавозку пошты з Беларусі, увесь час карэктуюць і скарачаюць авіярэйсы ў розныя краіны. 20 сакавіка быў адноўлены прыём міжнародных адпраўленняў у некаторыя краіны.

З 24 сакавіка дадаткова да ўжо адкрытых раней напрамкаў адноўлены прыём міжнародных паштовых адпраўленняў у Іспанію, Казахстан, Кубу, Кыргызстан, Літву, Польшчу, Тайланд — для адпраўленняў міжнароднай паскоранай поштай EMS.

У Азербайджан, Арменію, Іспанію, Казахстан, Польшчу, ЗША — для пісьмовай карэспандэнцыі і пасылак.

„Белпошта” звяртае ўвагу, што ў сувязі з чарговай адменай рэйсаў авіякампаній прыём усіх відаў адпраўленняў у Сербію будзе закрыты.

„Нагадваем, што ў сувязі з цяперашнімі падзеямі і абвешчанай пандэміяй каранавіруса ва ўсім свеце магчымыя затрымкі ў тэрмінах дастаўкі адпраўленняў EMS, а таксама адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі і пасылак”, — адзначаецца ў паведамленні.

belapan.by