„Белпошта” пракаментавала затрымку міжнародных пасылак
На тэматычных інтэрнэт-форумах сталі з’яўляцца скаргі на тое, што міжнародныя пасылкі або не даходзяць да сваіх адрасатаў зусім, або прыходзяць з істотным спазненнем, якое дасягае некалькіх дзясяткаў дзён. З гэтай нагоды РУП «Белпошта» пракаментавала інфармацыю.
«Напярэдадні навагодніх і калядных святаў плыні пошты, якая паступае ў Рэспубліку Беларусь, павялічваюцца на 30-40 працэнтаў.
Прагназуючы дадзеную сітуацыю, РУП «Белпошта» ў гэты перыяд прыцягвае дадатковы штат работнікаў па апрацоўцы міжнародных паштовых адпраўленняў, а з 2020 года – з афармленнем тэрміновых працоўных дагавораў як з поўнай, так і з частковай занятасцю з улікам захавання ўсіх нормаў працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час штат дадатковых работнікаў пад прагназуемыя абʼёмы пошты цалкам укамплектаваны.
Разам з тым на працягу студзеня бягучага года, акрамя запланаваных навагодніх і калядных патокаў пошты, у Рэспубліку Беларусь стала паступаць у вялікіх абʼёмах пошта з Кітая і Сінгапура, назапашаная з лістапада 2019-га ў транзітным аэрапорце Стамбула (Турцыя). Гэта прывяло да павелічэння абʼёму пошты больш чым у 2,3 разы і стварыла дадатковую незапланаваную нагрузку ва ўстановах міжнароднага паштовага абмену горада Менска.
РУП «Белпошта» прадпрымае ўсе магчымыя меры па скарачэнні тэрмінаў апрацоўкі павялічанага абʼёму міжнародных паштовых адпраўленняў, прыносіць прабачэнні за часовыя нязручнасці і просіць з разуменнем паставіцца да сітуацыі, якая склалася».