„Белпошта” прымае паштовыя адпраўленні ў 16 краін



„Белпошта” па стане на 30 сакавіка прымае паштовыя адпраўленні (лісты і пасылкі, паскораная пошта EMS) у 16 краін.

У спіс, апублікаваны на сайце прадпрыемства, уваходзяць Венгрыя, Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Казахстан, Кітай (у гэтую краіну толькі EMS), Латвія (толькі лісты і пасылкі), Літва, Нідэрланды, Польшча, Расія, Турцыя, Фінляндыя, Францыя (толькі EMS), Швецыя і Эстонія (толькі лісты і пасылкі).

18 сакавіка „Белпошта” прыпыніла прыём паштовых адпраўленняў ва ўсе краіны, акрамя Расеі, Кітая і Ганконга. Як патлумачылі на прадпрыемстве, гэта было звязана з абвешчанай пандэміяй каранавіруса, паколькі ва ўсім свеце авіякампаніі, якія ажыццяўляюць перавозку пошты з Беларусі, пастаянна мяняюць і скарачаюць авіярэйсы. Пасля спіс краін, куды прымаецца карэспандэнцыя, быў пашыраны і перыядычна карэктуецца.

„Белпошта” па-ранейшаму папярэджвае пра магчымую „затрымку тэрмінаў дастаўкі замежных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі падпісчыкам Рэспублікі Беларусь” — „у сувязі з падзеямі, што адбываюцца ва ўсім свеце, выкліканымі каранавірусам COVID-19”. Па каталогах прадпрыемства можна падпісацца на выданні трох дзяржаў — Расеі, Украіны і Казахстана.

belapan.by