“Белсат” могуць закрыць
#белсатжыві – з такім хэштэгам у беларускім сегменце фейсбука рэагуюць на інфармацыю, што фінансаванне незалежнага тэлеканала “Белсат” скарачаецца. Пра гэта, паводле неафіцыйных крыніц, паведаміла дырэктарка тэлеканала Ангешка Рамашэўская-Гузы. Паводле яе, кардынальнае змяншэнне фінансавання можа прывесці да ліквідацыі незалежнага тэлебачання.
«У Беларускай асацыяцыі журналістаў усхваляваныя такімі навінамі з Варшавы», – кажа прэс-сакратар прафесійнай арганізацыі Барыс Гарэцкі:
– Адназначна, гэта крок назад. Была праведзена вялізная праца, а цяпер адмаўляцца ад яе – гэта нелагічна. Адначасова гэта і шмат у чым перамога «рускага свету», расейскай інфармацыйнай прасторы. Калі «Белсат» знікае з беларускай медыяпрасторы, то «Спутніку» і іншым расейскім праектам, якія працуюць у Беларусі, стане значна прасцей працаваць – знікаюць канкурэнты.
Неафіцыйныя крыніцы сцвярджаюць, што ў польскіх уладных кабінетах прынята рашэнне скараціць фінансаванне тэлебачання «Белсат» у 2017 адразу на дзве траціны. Гэта фактычна можа азначаць закрыццё канала.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя