„Белсат” патрабуе неадкладна вызваліць сваіх журналістак Андрэеву і Чульцову
Неадкладна вызваліць сваіх журналістак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, а таксама зняць з іх „ілжывыя абвінавачанні” запатрабаваў польскі тэлеканал „Белсат”, які вяшчае на Беларусь.
„Лічым зняволенне нашых журналістак незаконным. Нашыя рэпарцёркі выконвалі сваю працу — рыхтавалі матэрыялы для тэлеканала „Белсат”. Падчас працы яны добрасумленна і старанна выконвалі ўсе журналісцкія абавязкі. Абвінавачанні на адрас абедзвюх журналістак абсурдныя”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Тэлеканал адзначае, што Андрэева і Чульцова „не кіравалі „групавымі дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, не арганізоўвалі і не рыхтавалі „дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
„Іх затрымалі 15 лістапада, калі яны асвятлялі жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі на месцы затрымання актывіста Рамана Бандарэнкі — чалавека, які зрабіў заўвагу невядомым у цывільным, каб яны не зрывалі беларускай сімволікі. У выніку збіцця ён, не прыходзячы ў прытомнасць, памёр у шпіталі. Журналісткі вялі рэпартаж пра тое, чаму жыхары Беларусі абураныя смерцю Рамана Бандарэнкі. У гэтым заключаецца журналісцкая праца, і такія дзеянні не павінны карацца ні ў адной краіне свету”, — перакананы тэлеканал.