„Белсат” працягвае працу ў нармальным рэжыме
Белсат працуе. Пакуль. Афіцыйнага рашэння наконт фінансавання тэлеканала “Белсат” яшчэ няма – сказаў у нашым эфіры кіраўнік інфармацыйнай службы тэлеканала Аляксей Дзікавіцкі. Акрамя словаў ніякіх афіцыйных папераў журналісты не бачылі і працуюць па-ранейшаму.
– Мы працягваем працаваць у нармальным рэжыме, таму што ў прынцыпе афіцыйна пакуль ніякіх дакументаў у справе абмежавання фінансавання няма. І вельмі цешымся, што ў нашую падтрымку выказваюцца не толькі людзі з палітычнага бамонду, а таксама з вёсак, невялікіх мястэчак, адтуль, дзе мы сапраўды праз нашыя матэрыялы маглі дапамагчы людзям.
Тэлеканал “Белсат” працуе і мае пакуль грошы – заўважае прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, пераломным будзе травень наступнага года. Вось тады пытанне паўстане канкрэтна – заўважае Барыс Гарэцкі.
– Пакуль «Белсат» працягвае працу. І, кажуць, тых грошай, якія дае польскае тэлебачанне, хопіць да траўня. Да траўня «Белсат» гарантавана абяцае працаваць.
Міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пацьвердзіў намер скараціць датацыі «Белсату». У сваім “Твітэры” ён напісаў: “Польскі ўрад ня ёсць уладальнікам “Белсату”. Мы абмяжоўваем датацыі каналу з прычыны павелічэння консульскіх выдаткаў». Скарачэнне фінасавання на дзве траціны, пра якія кажуць польскія чыноўнікі, азначае фактычную ліквідацыю незалежнага беларускага тэлебачання.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя