„Белсат” зняў фільм пра апошнія дні Кастуся Каліноўскага
Шмат хто ў нашыя часы прывык глядзець на Кастуся Каліноўскага, як на бронзавы бюст, на сухі аповед у кнізе, а гэта – жывы чалавек са сваім сумленнем ды поглядамі, адзначыў рэжысёр дакументальнай стужкі Валеры Мазынскі.
Дакументальны фільм «Каліноўскі. Апошнія дні» выйдзе ў эфір «Белсату» 20-га сакавіка, напярэдадні гадавіны смерці нацыянальнага героя беларусаў.
Кінааповед мае надзвычай арыгінальную форму – апошнія дні Кастуся Каліноўскага перад смяротным пакараннем рэканструюе тэатральная трупа, якая спрабуе асэнсаваць для сябе асобу паўстанцкага лідара, звяртаючыся да дакументаў эпохі ды сведчанняў сучаснікаў Каліноўскага.
Ролю кіраўніка паўстання 1863-га года выканаў у фільме актор Купалаўскага тэатра Раман Падаляка, каханую Каліноўскага – Марылю Ямант – заграла Ганна Харланчук-Южакова. Сцэнар для фільму напісаў малады гісторык і літаратар Зміцер Кузменка, прыкаваны да інваліднага вазка. Ён не можа гаварыць, але шмат піша, з’яўляецца аўтарам кнігі вершаў.
«Мы прывыклі, што пра Кастуся Каліноўскага шмат хто кажа – герой, – зазначыў рэжысёр дакументальнай стужкі Валеры Мазынскі, – Але што значыць сёння гэта слова? Што крыецца за гэтымі гукамі? Прыйшоў час паглядзець на Каліноўскага інакш, бо ён – гэта не бронзавы бюст, не сухі аповед у кнізе, а жывы чалавек са сваім сумленнем, са сваёй нервовай сістэмай, хібамі, поглядамі…».
Кастусь Каліноўскі некалькі месяцаў хаваўся ў Вільні пад псеўданімам Ігнат Вітажэнец. У гэтыя часы ў Вільні адбываліся публічныя пакаранні паўстанцаў–змагароў за волю для свайго краю. Каліноўскі часам прыходзіў на гэткія экзекуцыі ды стаяў у натоўпе, каб хоць сімвалічна развітацца са сваімі паплечнікамі.
«Кастусь Каліноўскі мог выратаваць сабе жыццё за мяжою, як гэта зрабілі іншыя, але не зрабіў гэтага. На першым месцы ў Кастуся Каліноўскага была адказнасць перад паўстанцамі, якіх расстралялі, павешалі, выслалі ў Сібір… Тая самаахвярнасць у імя ідэі, якую арасіла кроў ягоных паплечнікаў, не дала яму права схавацца. Гэта актуальны момант і для сённяшняй беларускай апазіцыі», – заўважыў спадар Мазынскі.
Рэжысёр дадаў, што хацеў прыблізіць постаць Кастуся Каліноўскага для сябе, але не толькі – гэтаксама для тых людзей, якія толькі пачалі адкрываць для сябе беларушчыну.
«Вузел самаахвярнасці – гэта не проста кліч «Жыве Беларусь», не проста панасіць бел-чырвона-белы значык, гэта нашмат большае, прыклад чаго даў нам Кастусь Каліноўскі. Ён усведамляў, што можа пацярпець паразу ад Расеі, што Польшча не згодзіцца даць вольнасць беларускаму краю, але пайшоў да канца. У промнях сённяшняга дня Беларусь дэ-юрэ незалежная, але дэ-факта – яна не самастойная. І для нас усцяж актуальна, наколькі мы здолеем абараніць сваю Бацькаўшчыну. Радзіма – гэта не толькі кавалак зямлі, а перадусім людзі, якія ахвяравалі сабою, якія ёсць духам нацыі», – заўважыў творца стужкі.
Паводле кінарэжысёра, лёс Кастуся Каліноўскага шмат у чым нагадвае Расцілаў Лапіцкі, арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948—1950 гадах, якога расстралялі бальшавікі.
Віктар Шукеловіч, belsat.eu