“Белсату” споўнілася 7 гадоў!
Адзіны беларускамоўны і адзіны незалежны тэлеканал. “Белсат” адзначае свае сёмыя народзіны. Беларускае Радыё Рацыя пагутарыла з Аляксеем Дзікавіцкім, кіраўніком рэдакцыі інфармацыйных праграм:
РР: Спадар Аляксей, “Белсату” спаўняецца 7 гадоў, ужо многія людзі забыліся, як узнік беларускі незалежны тэлеканал?
Аляксей Дзікавіцкі: Ідэя, прапанова стварэння незалежнага тэлевізійнага канала для Беларусі з’явілася даволі даўно. Адзінае, што не было людзей, якія маглі бы да гэтага давесці, не было таксама ахвотных фінансаваць гэта. Гадоў дзевяць таму нашая дырэктарка Агнешка Рымашэўска-Гузы працавала карэспандэнтам у Беларусі, але яе дэпартавалі. Тады яна вырашыла, што паколькі ёй не даюць працаваць там, заняцца стварэннем такога каналу. Запрасіла некалькі чалавек, і гэта атрымалася зрабіць. Міністэрства замежных спраў Польшчы падпісала мемарандум з польскім тэлебачаннем, і такім чынам пачалася падрыхтоўка. 10 снежня 2007 года мы выйшлі ў эфір.
РР: Чым цяпер з’яўляецца тэлеканал “Белсат” для Беларусі?
Аляксей Дзікавіцкі: Нам, як тым, хто робіць “Белсат” хацелася б, каб гэты тэлеканал быў крыніцай незалежнай і праўдзівай інфармацыі. Але “Белсат” – гэта не толькі інфармацыя. “Белсат” – гэта агульнатэматычны канал, таму, мы спадзяемся, што вакол “Белсату” за гэтыя гады стварылася цэлая група творчых людзей, якія робяць дакументальнае кіно ці яшчэ нейкім чынам занятыя ў нас. Тыя людзі, каторых не пускаюць, каторым не даюць слова ў афіцыйным тэлебачанні беларускім.
Я спадзяюся, што “Белсат” паказвае, што ёсць яшчэ і іншая Беларусь, не толькі такая, якая паказваецца па афіцыйных каналах.
РР: Наколькі тэлеканал ахоплівае Беларусь, як шмат людзей глядзіць яго?
Аляксей Дзікавіцкі: Белсат ахоплівае не толькі Беларусь, але яшчэ і тэрыторыю ад Партугаліі да Ўрала. Гэта спадарожнікавы канал. Цяпер нас можна глядзець у інтэрнэце, так што ў прынцыпе, наш канал можа глядзець кожны, хто мае перадусім спадарожнікавую антэну, а таксама той, хто мае добры інтэрнэт. Паводле нашых даследаванняў глядзіць “Белсат” прыкладна ад 300 тысяч да паўмільёна чалавек.
РР: Сёлета пралунала ідэя стварыць расейскамоўную версію тэлеканала, каб вяшчаць на Расею і супрацьстаяць расейскай прапагандзе. Ці сапраўды збіраюцца рабіцца нейкія дзеянні ў гэтым кірунку?
Аляксей Дзікавіцкі: Гэта трэба пытацца тых, хто займаецца такімі праектамі. Мы лічым, што супрацьстаяць прапагандзе, вядома, патрэбна, але не коштам іншых.
Справа ў тым, што, бачыце, Расея, калі займаецца сваёй прапагандай, успрымае Беларусь, Украіну або Казахстан як свае колішнія тэрыторыі. І Расея звяртаецца да жыхароў краін колішніх савецкіх рэспублік дакладна так, як бы гэта і надалей гэта быў Савецкі Саюз, і гэта былі васальныя тэрыторыя Расеі. Калі на Захадзе таксама прымуць такую стратэгію, што будуць перадаваць для ўсіх народаў, якія вакол Расеі, па-расейску, гэта будзе азначаць, што Захад гэтаксама трактуе гэтыя краіны, Беларусь, Украіну ці Малдову. Гэтага нельга дапусціць, таму што кожная краіна мае сваю спецыфіку. Я не ўяўляю, як кіраўнік службы інфармацыі, каб быў адзін матэрыял дапусцім пра падзеі ў Берасці, а другі – пра падзеі ў Владзівастоку ці дзе-небудзь у Астане. Гэта будзе проста нейкая мяшанка.
РР: Скажыце, як беларуская моладзь можа супрацоўнічаць з Вамі, як можна трапіць на Ваш канал?
Аляксей Дзікавіцкі: Усе дадзеныя нашага канала ёсць на старонцы, пішыце, мы заўсёды ахвоча даем магчымасць пастажыравацца, альбо нават працаваць пазней тым, хто надаецца да гэтага. Мы не вымагаем адукацыі тэлевядучага ці яшчэ нейкай іншай адукацыі, звязанай з тэлебачаннем. Галоўнае, натуральна, добра размаўляць па-беларуску, важна таксама не баяцца таго, што ты робіш, і прытрымлівацца нашых агульных дэмакратычных каштоўнасцяў, звязаных са свабодай слова.
У гонар дня народзінаў “Белсата” ў пятніцу 12 снежня беларускія гурты “Акутэ” і “Босае Сонца” дадуць святочны канцэрт у варшаўскім клубе “Jerozolima”. Пачатак а 20 гадз., уваход вольны.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя