„Белсату” выдзелілі грошы на 2018 год
Фінансаванне тэлеканала падтрымлівае старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі.
На працу ў 2018 годзе «Белсат» атрымае ад ураду Польшчы 20 млн злотых (паводле сённяшняга курсу – больш за 4 млн 760 тыс. эўра), паведамляе партал press.pl. Такую суму тэлебачанне атрымае на моцы папраўкі ў польскі закон аб бюджэце, якую на разгляд у Камісію публічных фінансаў унесла адна з дэпутатак кіроўнай кансэрватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць».
Паводле рэсурсу, магчымасць, што папраўка не будзе прынятая дэпутатамі, раўняецца амаль нулю, паколькі яе прыняццё падтрымлівае кіраўнік кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі, якога называюць «чалавекам нумар адзін» у польскай дзяржаве.
Штогод на функцыянаванне «Белсату» патрэбна 27-28 млн злотых. Да 2016 году МЗС Польшчы давала са свайго бюджэту на тэлеканал ад 16 млн да 20 млн злотых у залежнасці ад году. Частка грошай паступала ад замежных грантадаўцаў, урадаў ды кампаній, напрыклад, Бі-Бі-Сі.
30 снежня 2016 года Міністэрства замежных спраў Польшчы ў аднабаковым парадку спыніла пагадненне аб фінансаванні «Белсату».
У снежні сёлета тэлебачанне адзначыць 10-гадовы юбілей.