„Белсаюздрук” болей не будзе прадаваць гістарычны часопіс „Наша гісторыя”
РУП „Белсаюздрук” адмовілася прадаваць гістарычны часопіс „Наша гісторыя” і дзіцячыя выданні „Дуду” і „Асцярожна, дзеці”.
„Белсаюздрук” паведаміў, што ў аднабаковым парадку разрывае адносіны. Каментары тут лішнія — вы самі ўсё разумееце”, — паведамляе газета „Наша Ніва”, якая выдае часопісы.
Паводле інфармацыі рэдакцыі, новы выпуск „Нашай гісторыі”, які выйшаў у друк 4 сакавіка, у бліжэйшыя два дні будзе прадавацца па адрасе Энгельса, 34а (у рэдакцыі газеты „Народная Воля”): у пятніцу, 5 сакавіка, — з 14.00 да 20.00, у суботу, 6 сакавіка, — з 10.00 да 18.00. У наступным плануецца два дні на месяц прадаваць часопісы ў рэдакцыі.
Да 25 сакавіка можна аформіць падпіску на часопісы анлайн або ў паштовых аддзяленнях, нагадвае „Наша Ніва”. Калі „Белпошта” таксама скасуе дамову, рэдакцыя мае намер арганізаваць уласную дастаўку выданняў.
„Наша гісторыя” — першы ў Беларусі глянцавы гістарычны часопіс, выходзіць з 2018 года. Сярод аўтараў выдання — дактары і кандыдаты навук. Дзіцячыя часопісы выпускаюцца з 2019 года: „Дуду” разлічаны на дзяцей да шасці гадоў, „Асцярожна: дзеці!” — на малодшых школьнікаў.
Праблемы з друкам і распаўсюдам адчуваюць многія беларускія незалежныя выданні. Пяць газет спынілі выхад у сувязі з тым, што не могуць знайсці друкарню — гэта „Свободные новости плюс”, „Белгазета”, „Газета Слонимская”, „Народная Воля” і „Брестская газета”. З лютага ў кіёсках „Белсаюздруку” спыніўся продаж незалежнай газеты „Новы Час”.
belapan.by