Белстат апублікаваў вынікі перапісу 2019 года



Белстат апублікаваў звесткі па выніках перапісу насельніцтва Беларусі, праведзенага ў кастрычніку 2019 года. Прадстаўленыя дадзеныя пра колькасць насельніцтва, якое стала пражывае на тэрыторыі краіны, а таксама пра яго склад паводле полу, узросту, знаходжання ў шлюбе, узроўню адукацыі, нацыянальнасцяў, валодання мовамі і крыніц сродкаў да існавання.

Згодна з перапісам, 84,9% насельніцтва краіны, або 7.990.719 чалавек, назвалі сябе беларусамі. Іх доля вырасла на 1,2 працэнтнага пункта ў параўнанні з перапісам 2009 года і на 3,7 п.п. у параўнанні з перапісам 1999 года.

Доля рускіх склала 7,5% насельніцтва, або 706.992 чалавекі. За 10 гадоў іх доля скарацілася на 0,8 п.п, а за дваццаць — на 3,9 п.п.

Далей ідуць палякі — 3,1% насельніцтва, або 287.693 чалавекі. Доля палякаў не змянілася за дзесяць гадоў, а за 20 — знізілася на 0,8 п.п.

Доля ўкраінцаў склала 1,7%, або 159.656 чалавек. За 10 гадоў іх доля не змянілася, за 20 — знізілася на 0,7 п.п.

Паводле дадзеных перапісу, у Беларусі таксама пражывае 13.705 яўрэяў, або 0,1% колькасці насельніцтва, у 2009 годзе іх доля таксама складала 0,1%, у 1999-м — 0,3%.

Таксама ў Беларусі пражываюць армяне, татары, цыганы, азербайджанцы, літоўцы, туркмены (па 0,1%), немцы, грузіны, малдаване, латышы, узбекі, казахі, арабы і таджыкі (па менш як 0,1%).

Сваёй роднай мовай беларускую назвалі 61,2% беларусаў (за 10 гадоў +0,4 п.п.), а 38,1% — рускую (+1,1 п.п.). Сярод рускіх роднай мовай назвалі беларускую 2,9%, 96,8% — рускую.

Сярод палякаў, якія жывуць у Беларусі, 54,5% лічаць роднай беларускую, 38,5% — рускую і 6,7% — польскую. Сярод украінцаў роднай украінскую назвалі 29,1%, 8,2% — беларускую і 62,4% — рускую. Сярод яўрэяў нацыянальную мову назвалі роднай 3,2%, 11,5% — беларускую, а 83,6% — рускую.

64,1% насельніцтва краіны выкарыстоўвае ў хатнім ужытку рускую мову, а 31,7% — мову сваёй нацыянальнасці.

Паводле звестак леташняга перапісу, колькасць насельніцтва Беларусі склала 9.413.446 чалавек. З 2009 года яна скарацілася на 90.361 чалавека, з 1999 года — на 631.791 чалавека.

Гарадское насельніцтва ў 2019 годзе склала 7.299.989 чалавек, у тым ліку 3.346.946 мужчын і 3.963.043 жанчыны. На вёсцы пражывае 2.113.457 чалавек, у тым ліку 1.004.527 мужчын і 1.108.930 жанчын. За 10 гадоў гарадское насельніцтва вырасла на 235.460, вясковае скарацілася на 325.821 чалавека.

Насельніцтва Менска ў 2019 годзе склала 2.018.281 чалавек (у 2009-м — 1.836.808), Брэсцкай вобласці — 1.348.115 (1.401.177), Віцебскай — 1.135.731 (1.230.821), Гомельскай — 1.388.512 (1.440.718), Гродзенскай — 1.026.816 (1.072.381), Мінскай — 1.471.240 (1.422.528), Магілёўскай — 1.024.751 (1.099.374).

Найбольшая колькасць насельніцтва (781.253) прыпадае на ўзроставую групу 30—34 гады, найменшая (227.859) — 75—79 гадоў. Сярэдні ўзрост насельніцтва Беларусі склаў 40,7 года, у мужчын — 38 гадоў, а ў жанчын — 43,1 года. Самы ўзроставы рэгіён — Віцебская вобласць (42,5), малады — Мінск (39,3).

5.420.271 чалавек знаходзіцца ў працаздольным узросце. 1.683.957 чалавек — маладзейшыя, а 2.309.218 — старэйшыя за працаздольны ўзрост. За дзесяць гадоў працаздольнае насельніцтва скарацілася на 432.555 чалавек.

Лічаць, што знаходзяцца ў шлюбе, 3.533.358 мужчын і 4.286.433 жанчыны.

Паводле звестак перапісу, у Беларусі 2.055.139 чалавек ва ўзросце ад 10 гадоў і старэйшым маюць вышэйшую адукацыю (247 на 1.000 насельніцтва), 2.388.982 (287) — сярэднюю спецыяльную, 979.305 (118) — прафесійна-тэхнічную, 1.767.729 (212) — агульную сярэднюю, 481.139 (58) — агульную базавую, 576.085 (69) — пачатковую, 21.030 (3) — маюць паслядыпломную адукацыю.

51,2% жыхароў Беларусі працуюць па найме, 4,2% назвалі сябе самазанятымі, 28,3% з’яўляюцца пенсіянерамі, 24,5% знаходзяцца на ўтрыманні ў іншых людзей.

Як растлумачылі ў Белстаце, у адпаведнасці з рэкамендацыямі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, збор дадзеных аб сямейным становішчы ажыццяўляўся ў дачыненні да асоб ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых. Пры гэтым да тых, хто знаходзіцца ў незарэгістраваных адносінах, аднесеныя рэспандэнты, якія сумесна пражываюць у адной домагаспадарцы і знаходзяцца ў фактычных шлюбных адносінах, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Пры правядзенні перапісу насельніцтва ўлічваўся самы высокі з атрыманых рэспандэнтам узровень адукацыі.

Пры перапісе насельніцтва 2019 года, як і пры папярэдніх перапісах, адказы на пытанне аб нацыянальнасці ўносіліся ў перапісныя лісты са слоў рэспандэнтаў па іх самавызначэнні і жаданні. Нацыянальнасць дзяцей вызначалася бацькамі. У пералік нацыянальнасцяў, прыведзены ў бюлетэні, уключаныя нацыянальнасці з найбольшай колькасцю насельніцтва, якое жыве ў Беларусі.

У якасці роднай мовы ўлічвалася мова, якую сам рэспандэнт лічыў роднай. Калі рэспандэнт меў цяжкасці з вызначэннем сваёй роднай мовы, такой лічылася мова, якая была засвоеная першай у раннім дзяцінстве. У якасці мовы, на якой рэспандэнт размаўляе дома, улічвалася мова, якая выкарыстоўваецца для зносін у сям’і ці ў побыце. Малалетнім дзецям родная мова і мова, на якой звычайна размаўляюць дома, вызначалася бацькамі.

У бюлетэні прадстаўленая інфармацыя аб размеркаванні насельніцтва па крыніцах сродкаў да існавання ў спалучэнні з дадзенымі па поле і асобных узроставых групах. Улічваліся ўсе крыніцы як у грашовай, так і ў натуральнай форме, наяўныя ў рэспандэнта ў 2019 годзе.

belapan.by