Белстат заклікае не даваць звесткі па тэлефоне падчас перапісу
Перапіс насельніцтва па тэлефоне праводзіцца не будзе. Пра гэта заявіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева 11 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Хачу папярэдзіць усіх. Ні ў якім разе не давайце інфармацыю па тэлефоне”, — сказала яна.
Мядзведзева адзначыла, што ў 2017 годзе, калі праводзіўся пробны перапіс насельніцтва, невядомыя званілі і спрабавалі атрымаць у грамадзян персанальную інфармацыю. „Белстат па тэлефоне перапіс насельніцтва не праводзіць”, — падкрэсліла Мядзведзева. Тым, хто тэлефануе і прапаноўвае прайсці перапіс насельніцтва, дадала яна, адказваць не варта, каб потым персанальныя дадзеныя не патрапілі ў рукі нядобрасумленных грамадзян. „Яны потым прапаноўваюць то крэдыт узяць, то мабільны тэлефон купіць”, — патлумачыла Мядзведзева.
Яна паведаміла, што грамадзяне могуць прыняць удзел у перапісе насельніцтва трыма спосабамі — шляхам удзелу ў інтэрнэт-перапісе, з дапамогай наведвання стацыянарнага ўчастка або прыняўшы перапісчыкаў дома.
Кіраўнік Белстата таксама расказала, як адрозніць сапраўдных перапісчыкаў ад махляроў. „Пры сабе перапісчык павінен абавязкова мець пасведчанне, планшэт і сумку з лагатыпам перапісу, — сказала Мядзведзева. — Калі прыходзіць перапісчык, абавязкова трэба запатрабаваць пашпарт і зверыць пасведчанне з пашпартам. Калі ўсё ж такі вы сумняваецеся, вы можаце патэлефанаваць у наш кол-цэнтр і ўдакладніць дадзеныя аб перапісчыку”.
Паводле яе слоў, у выпадку ўзнікнення інцыдэнтаў будуць прыцягвацца органы ўнутраных спраў. „Яны вядуць працу аб папярэджанні дзейнасці лжэперапісчыкаў і разам з намі будуць гэтыя факты адсочваць”, — дадала Мядзведзева.
Перапіс насельніцтва ў Беларусі пройдзе з 4 па 30 кастрычніка. Гэта будзе трэці перапіс з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці (папярэднія праводзіліся ў 1999 і 2009 гадах).