БелТА не бачыць падстаў для адклікання заявы



У РУП „Беларускае тэлеграфнае агенцтва” няма падстаў для адклікання заявы аб правядзенні праверкі і паўнамоцтваў для спынення крымінальнага пераследу грамадзян, якія неправамерна атрымалі доступ да платнай падпіскі агенцтва. Пра гэта сказана ў адказе гендырэктара БелТА Ірыны Акуловіч на калектыўны зварот грамадзян на чале з сустаршынёй кампаніі „Гавары праўду” Андрэем Дзмітрыевым, які ён атрымаў 19 верасня.

Зварот з прапановай адклікаць з праваахоўных органаў заяву быў накіраваны 7 жніўня — у дзень правядзення вобыскаў у рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і партала tut.by. На анлайн-платформе petitions.by яго падпісалі каля 700 чалавек.

У адказе сказана, што Крымінальна-працэсуальны кодэкс не прадугледжвае такой падставы для спынення крымінальнай справы, як адкліканне заявы. „Рашэнне па выніках расследавання будзе прынята органам крымінальнага пераследу, якому перададзены ваш калектыўны зварот, што змяшчае просьбу аб спыненні крымінальнай справы”, — піша Акуловіч.

Каментуючы БелаПАН атрыманы адказ, Дзмітрыеў падкрэсліў, што, на яго думку, крымінальная справа наносіць шкоду дзяржаўным інтарэсам. „Шкода будзе выяўляцца ў розных галінах: яна будзе і ў недаатрыманых інвестыцыях, і ў запаволенні патрэбных перамоў з ЕС і ЗША”, — лічыць палітык.

Спасылаючыся на кантакты з еўрапейскімі палітыкамі, Дзмітрыеў падкрэсліў: „Ніхто не разумее, чаму гэта пытанне не паспрабавалі вырашыць за сталом перамоў, і нікому беларуская дыпламатыя гэта не можа растлумачыць”. На думку сустаршыні „Гавары праўду”, крымінальная справа накіраваная на аслабленне беларускага інфармацыйнага поля.

Нагадаем, падставай да распачынання „справы БелТА” стаў зварот кіраўніцтва дзяржаўнага інфармагенцтва ў праваахоўныя органы ў сувязі са збоямі пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія прадстаўляліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў. Паводле паведамлення Следчага камітэта, падчас праверкі супрацоўнікі МУС „выявілі шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца БелТА”.

7 жніўня СК паведаміў пра распачынанне ў дачыненні да шэрагу журналістаў недзяржаўных СМІ справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які меў вынікам прычыненне істотнай шкоды)”. „У выніку здзейсненага злачынства РУП „БелТА” нанесена істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад старонняга доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да названай супрацьпраўнай дзейнасці датычныя службовыя асобы выдавецкага дома „Беларуская навука”, ЗАТ „БелаПАН”, ТАА „ТутБай Медыя”. Сёння па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова”, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы СК.

На працягу трох дзён, 7—9 жніўня, у рэдакцыях незалежных СМІ, а таксама ў некаторых журналістаў і рэдактараў прайшлі вобыскі. Былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт „Нямецкай хвалі” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайта газеты „Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 27 жніўня большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.

Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у інтэрв`ю тэлеканалу „Беларусь 1” 6 верасня заявіў: „Злачынства гэта не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, і, ну, напэўна, аб суровых мерах пакарання ў перспектыве гаворкі быць не можа. Але тым не менш факт ёсць факт, і гэта — прэцэдэнт”.

belapan.by

Фота: Дар’я Буракіна, TUT.BY