„Белтэлекам” пракаментаваў праблемы з інтэрнэтам
Дзяржаўны аператар сувязі і інтэрнэту „Белтэлекам” пракаментаваў праблемы з доступам у інтэрнэт на тэрыторыі Беларусі.
„РУП „Белтэлекам” з 8 жніўня гэага года адзначае значны рост трафіку, які паступае са знешніх IP-сетак з-за межаў Рэспублікі Беларусь. Сістэмамі прадпрыемства на працягу апошніх сутак фіксуюцца шматлікія кібератакі рознай ступені інтэнсіўнасці на сайты дзяржаўных органаў і рэсурсы „Белтэлекама”. Гэта прывяло да значнай перагрузкі каналаў, збою і выхаду са строю тэлекамунікацыйнага абсталявання і, як следства, цяжкасцяў з доступам для абанентаў да асобных рэсурсаў і сэрвісаў сеткі інтэрнэт”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Белтэлекам” заяўляе, што прыкладае „максімальныя намаганні па аднаўленні сітуацыі да канца дня 10.08.2020”. „Прыцягнутыя ўсе спецыялісты і тэхнічныя сродкі. Праца вядзецца бесперапынна ў кругласутачным рэжыме”, — падкрэслівае аператар сувязі.
РУП „Белтэлекам” — найбуйнейшы беларускі дзяржаўны аператар сувязі. Ажыццяўляе перадачу дадзеных па камутаванай сетцы агульнага карыстання, доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, прадастаўляе міжгародні і міжнародны роўмінг.
У абавязкі гендырэктара кампаніі ўваходзіць у тым ліку забеспячэнне абароны дзяржаўных сакрэтаў і абароны інфармацыі.