„Белтэлекам” запускае ўласны тэлеканал
РУП «Белтэлекам» запускае ўласны тэлеканал «ЯСНАе ТV», паведаміла прэс-служба кампаніі.
«ЯСНАе ТV» – гэта пераўтвораны канал «Мінск TV», які выходзіў у эфір на працягу сямі гадоў.
Назва для канала запазычана ў аднаго з брэндаў «Белтэлекама» – «ЯСНА» (пакеты тэлекамунікацыйных паслуг). Мова вяшчання – беларуская і руская. Увесь кантэнт тэлеканала прадстаўлены ў фармаце Full HD.
«На новым канале застануцца найлепшыя фільмы і захапляльныя спартыўныя трансляцыі. Наперадзе – шмат планаў, задумак і цікавых праектаў. Ужо цяпер гледачы змогуць ацаніць новае афармленне тэлеканала, а зусім хутка творчая каманда прадставіць і новую канцэпцыю», – адзначыла прэс-служба.
«ЯСНАе ТV» даступнае для прагляду 24 гадзіны ў суткі. Тэлеканал арыентаваны на шырокую аўдыторыю: «залаты фонд» мастацкага кіно і рэйтынгавыя стужкі апошніх гадоў, айчынныя і замежныя серыялы, мультыплікацыйныя, дакументальныя фільмы, спартыўныя матчы.
У прамым эфіры «ЯСНАе ТV» пакажа абсалютна ўсе гульні чэмпіянату Беларусі па футболе. Акрамя гэтага, у праграме – хакейныя матчы і іншыя спартыўныя спаборніцтвы. І толькі на тэлеканале можна будзе глядзець самыя цікавыя паядынкі па кіберспорце.
РУП «Белтэлекам» – найбуйнейшы беларускі дзяржаўны аператар сувязі. Ажыццяўляе перадачу даных па камутаванай сетцы агульнага карыстання, доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, арганізуе міжгародні і міжнародны роўмінг.