Берасце: 12 судоў прайшло, апошні перанеслі на 24 кастрычніка (абноўлена)



Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў падтрымала Рамана Кісляка. “Улады Беларусі мусяць пакласці канец любым формам пераследу, у тым ліку на судовым узроўні, супраць сп. Рамана Кісляка, а таксама прытрымлівацца абавязковых для Беларусі міжнародных стандартаў, у тым ліку адносна свабоды мірных сходаў”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, апублікаванай 19 кастрычніка на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека.

* * * 

Разгляд адміністрацыйнай справы праваабаронцы Рамана Кісляка, які меў адбыцца 18 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Берасця, перанесены на 24 кастрычніка. Пра гэта паведамляе сайт “Берасцейскай Вясны”.

У прызначаны судом час сакратарка абвясціла, што Раман Кісляк зараз знаходзіцца за мяжой, а таму суд над ім перанесены на 24 кастрычніка на 11 гадзін.

14 кастрычніка, калі на плошчы Леніна ў Берасці сабраліся пратэстоўцы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, Кісляку ўручылі позву ў раённы аддзел міліцыі. Аднак праваабаронцу затрымалі непасрэдна ў Ленінскім РАУСе пасля мітынгу, падчас якога ён вёў назіранне за хадой мірнага сходу грамадзян.

У пастарунку, дзе ён правёў ноч, у Кісляка ўзняўся ціск, была выкліканая хуткая дапамога, якая адвезла яго ў лякарню, дзе ён прайшоў медычнае абследаванне. Кісляку паспелі ўручыць позву у суд на 18 кастрычніка за ўдзел у акцыі, якая адбылася ў нядзелю. Усяго 14 кастрычніка ў час мітынгу і перад яго пачаткам супрацоўнікі міліцыі затрымалі 16 (па некаторых звестках – 17) чалавек. Траіх непаўнагадовых пазней адпусцілі з бацькамі, на астатніх склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 9 удзельнікаў мітынгу атрымалі штрафы, траіх – Мікалая Статкевіча, Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава пакаралі арыштам на 5 сутак.

Вясна